Андрэй Бастунец пераабраны старшынём БАЖ на наступныя тры гады
2021-04-16 22:56
11-ы з’езд Беларускай асацыяцыі журналістаў праходзіць у Менску.У ім удзельнічае больш 60 дэлегатаў з усёй Беларусі. Па словах старшыні БАЖу Андрэя Бастунца, з’езд праходзіць у вельмі складаных умовах.
Амаль паўтары дзясятка сябраў арганізацыі за кратамі, сотні патрапілі пад розныя рэпрэсіі. У тым ліку пад крымінальным пераследам знаходзіцца і БАЖ. І тым не менш арганізацыя працягвае працу, як працягваюць працу і незалежныя дэмакртычныя СМІ. За плячыма арганізацыі ўжо больш як чвэрць стагоддзя дзейнасці ў складаных умовах, – распавядае Андрэй Бастунец. І гэты досвед дапамагае выстаяць у цяперашняй сітуацыі.
– Сённяшняя сітуацыя найбольш складаная, бо такога ўзроўню ціску па ўсіх накірунках, тут важна адзначыць сістэмнасць працы ўладаў, бо ціск ідзе па ўсіх накірунках – і на фрылансераў, і на зарэгістраваныя традыцыйныя медыя, і на інтэрнэт-рэсурсы, якія не зарэгістраваныя як СМІ, і ў накірунку большай жорсткасці заканадаўства. І самае галоўнае, канешне, гэта крымінальныя справы супраць нашых калегаў. Але, нягледзячы на гэта, менавіта ў гэты час мы больш адчуваем і салідарнасць унутры журналісцкай супольнасці, і з журналістамі з боку грамадскасці.
„Гэтага раней раз-пораз не хапала. І нават узнікала пытанне: а ці ёсць права на свабоду выказвання каштоўнасцю для беларускага грамадства? А зараз мы бачым, што гэта – важная каштоўнасць. Што з’яўляецца самай значнай гарантыяй – свабодныя дэмакратычныя сродкі масавай інфармацыі ў Беларусі, нягледзячы на ўсе цяжкасці, не знікнуць,” – упэўнены Андрэй Бастунец.
Беларускае Радыё Рацыя