“Восеньскі пікнік” па-віцебску

“Восеньскі пікнік” па-віцебску


У віцебскім арт-цэнтры VZAP прайшоў “Восеньскі пікнік” – імпрэза, якая спалучыла ў сабе выставу-продаж вырабаў мясцовых майстроў, канцэрты, майстар-класы і гульні.

Як на сапраўдным кірмашы, тут можна было знайсці практычна ўсё – ад вопраткі да ласункаў. Прычым вырабаў не крамных, а аўтарскіх, падкрэслівае каардынатарка Дар’я Андронава:

– Гэта маркет ручной працы, прычым мы выбіраем не ўсё, што робіцца зараз – у нас ёсць свой стыль, і таму тут няма “шырспажыву” ці кітайскіх падробак. У чым фішка гэтага маркету? У тым, што тут можна пазнаёміцца з майстрамі і ў будучыні супрацоўнічаць. Такім чынам, гэта такая вялікая творчая тусоўка, дзе людзі знаёмяцца і абменьваюцца сваім досведам.

Пераважная частка прадстаўленых вырабаў – гэта тавары для дзяцей. На гэтую ўзроставую групу тут былі перадусім прадстаўлены і забавы: чытанне кніжак, ролевыя гульні, псіхалагічныя заняткі. Але і бацькам тут не было сумна, лічыць Дар’я Андронава:

– У нас увогуле праграма разлічана і на дзяцей у тым ліку – бо гэта мэтавая аўдыторыя нашага цэнтру, у нас працуе шмат дзіцячых студый. Дзяцей было шмат, разам з мамамі. А для дарослых у нас былі лекцыі і семінары, майстар-клас па кераміцы, канцэрт з удзелам бардаў. Такім чынам у нас тут знаходзяцца сябры, і выходзяць адсюль задаволенымі.

Арт-цэнтр VZAP з’явіўся ў Віцебску дзякуючы прыватнай ініцыятыве Інгі Багінскай, якая разам з аднадумцамі імкнецца зрабіць культурніцкае жыццё горада больш разнастайным. VZAP месціцца ў былым вытворчым памяшканні заводу электравымяральных прыбораў, і цяпер на прамысловай ускраіне гораду можна таксама наведаць канцэрт або спектакль ды знайсці цікавыя заняткі для ўсёй сям’і.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя