Віктар Парфёненка: ТБМ шчыльна супрацуе з аддзелам адукацыі

Віктар Парфёненка: ТБМ шчыльна супрацуе з аддзелам адукацыі


З пачаткам навучальнага 2019 году прадстаўнікі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны ў Гародні кажуць пра шчыльную супрацу з аддзелам адукацыі Гарадзенскага аблвыканкаму.

Кажа кіраўнік абласной арганізацыі ТБМ Віктар Парфёненка:

– Каля дзесяці гадоў супрацоўнічаем з гарадзенскім аддзелам адукацыі, гэтая супраца плённая. Існуе дзве школы – гэта 32-я і 34-я ў Гародні, якія з’яўляюцца базавымі для навучання па-беларуску. Паколькі сабраць бацькоў, якія б жадалі, каб іх дзеці навучаліся па-беларуску, складана, то сумесна з аддзелам адукацыі было выбрана дзве школы – у Кастрычніцкім раёне школа №34 і ў Ленінскім раёне школа №32.

Віктар Парфёненка кажа, што ў школу №32 набралі самую вялікую колькасць вучняў:

– Што да 32-й школы, то заўсёды ў гэтую школу набіраліся дзеці ад невялікай колькасці і да больш-менш сур’ёзнай. Хачу пахваліцца, што дзякуючы супрацы з аддзелам адукацыі, а таксама самім бацькам, у гэтым годзе ў 32-й школе адкрылася першая беларуская класа з 12-цю дзецьмі. Гэта рэкорд я думаю на ўсе абласныя цэнтры, апрача Менску. Апрача сферы адукацыі прадстаўнікі ТБМ супрацуюць з уладамі ў пытаннях правядзення культурніцкіх мерапрыемстваў ды ў вонкавым афармленні вуліц гарадоў Гарадзеншчыны.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя