Паліна Сцепаненка: Канцэпцыя дома-музея Уладзіміра Караткевіча – у рамане “Нельга забыць”

Паліна Сцепаненка: Канцэпцыя дома-музея Уладзіміра Караткевіча – у рамане “Нельга забыць”


Паліна Сцепаненка (Качаткова) – даследчыца, пісьменніца, журналістка Беларускага Радыё Рацыя. У 1990-х гадах яна працавала ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча ў Менску, удзельнічала ў распрацоўцы канцэпцыі экспазіцыі гэтага музея і філіі ў вёсцы Ракуцёўшчына.

Абапіраючыся на ўласны досвед музейнай працы, яна сфармулявала канцэпцыю дома-музея Уладзіміра Караткевіча ў Воршы – музея ў той самай бацькоўскай хаце пісьменніка, якую летась набыў прадпрымальнік Андрэй Балабін.

Калі гэта будзе прыватны музей, стварэнне якога не вымагае ўзгадненняў з Міністэрствам культуры, то цалкам верагодна адкрыць яго ўжо ў наступным годзе, якраз да 90-гадовага юбілею пісьменніка. Бо канцэпцыю музея Уладзімір Караткевіч, па сутнасці, прыдумаў сам, кажа Паліна Сцепаненка:

– Гэты дом вельмі добра апісаны ў рамане “Нельга забыць”. Пачынаючы з 85-й старонкі 3-га тома збору твораў Караткевіча можна цалкам узяць канцэпцыю гэтага музея. Там фактычна апісана ўсё, што можа быць прыцягальнага ў гэтым доме.

У экспазіцыю могуць быць уключаны і мультымедыйныя сродкі, і рэлікварый з прадметаў, якія праілюструюць падзеі паўстання 1863-га году, згаданага ў рамане “Нельга забыць” („Леаніды не вернуцца да Зямлі”), і рэдкія фотаздымкі Уладзіміра Караткевіча. А ў самім музеі можна было б праводзіць літаратурныя сустрэчы ды іншыя імпрэзы, мяркуе Паліна Сцепаненка. Яна гатова прапанаваць сваю дапамогу бізнесоўцу Андрэю Балабіну, калі б яго зацікавіла перспектыва такога супрацоўніцтва.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя