Віцебскі абласны суд не падтрымаў незалежных журналістаў

Віцебскі абласны суд не падтрымаў незалежных журналістаў


Суддзя Святлана Іванова разгледзела касацыйную скаргу журналістаў Алены Шабуні і Вячаслава Лазарава, якіх пакаралі штрафамі ў Наваполацкім раённым судзе на падставе артыкула 22.9 КаАП.

Раённы суд прызнаў журналістаў вінаватымі ў незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ – за відэасюжэт, паказаны на “Белсаце”.

Абласны суд падтрымаў абвінавачанне, не прыслухаўшыся да аргументаў журналістаў.

На думку праваабаронцы Паўла Левінава, ёсць усе падставы рыхтаваць новую скаргу:

– Суд чарговы раз паказаў, што яму напляваць на міжнароднае права, на міжнародныя абавязацельствы Рэспублікі Беларусь. Ніводзін аргумент скаргі журналістаў не быў абвергнуты. Ну, калі дзяржава так хоча, то яна штурхае нас да таго, каб яшчэ два індывідуальныя паведамленні былі накіраваны ў Камітэт ААН па правах чалавека.

Падтрымаць Алену Шабуню і Вячаслава Лазарава ў судзе прыйшлі віцебскія калегі. А з райцэнтра Глыбокае прыехаў журналіст Зміцер Лупач – “абсалютны рэкардсмен” Віцебшчыны па штрафах за супрацоўніцтва з тэлеканалам “Белсат”. У дачыненні да яго абласны суд усяго аднойчы адмяніў пастанову раённага суду, пакінуўшы ў сіле рашэнні пра астатнія паўтара дзясятка штрафаў.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя