Юрась Губарэвіч: Лукашэнка не хоча мець канкурэнтаў

Юрась Губарэвіч: Лукашэнка не хоча мець канкурэнтаў


Па меркаванні старшыні Руху „За свабоду” Юрася Губарэвіча, міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч, які сышоў у адстаўку па асабістым жаданні, быў адным з найбольш адыёзных міністраў.

З аднога боку, ён працягваў жорсткую лінію, закладзеную Аляксандрам Лукашэнкам на падаўленне іншадумства і апазіцыі. А з іншага, ён дазваляў сабе шмат вольнасцей. Ён паступова рабіўся медыйнай персонай, публічна з’яўляўся ў форме НКУС (НКВД сталінскіх часоў), прыцягваў увагу і беларускага грамадства і незалежных СМІ да сваёй асобы.

– Гэта ўсё тое, што звычайна не падабаецца Лукашэнку ў асобах з ягонага атачэння. Бо Лукашэнка не хоча мець канкурэнтаў і, нягледзячы на тое, што Шуневіч не змог бы прэтэндаваць пры ўсім жаданні на вышэйшую пасаду ў Беларусі, бо народжаны па-за межамі нашай краіны, але Лукашэнка вельмі востра рэагуе на любую канкурэнцыю. Таму, я думаю, што гэта было адной з прычынаў адстаўкі.

Іншая не менш важная прычына, – гэта тое, што дзеянні міністра ўнутраных спраў выклікалі ўсё большае раздражненне ў розных колах беларускага грамадства. У той жа час тое, што Шуневіч не быў звольнены, а сыйшоў сам, – гэта выключэнне, якое кажа, што ён меў дастаткова сур’ёзны ўплыў у сістэме Лукашэнкі, – лічыць Юрась Губарэвіч.

***
Па словах кіраўніка аналітычнага парталу „Беларусь Секьюріці Блог” Андрэя Паротнікава, міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч сыйшоў у адстаўку па асабістых прычынах, перш за ўсё па стану здароўя. „Здаровых генералаў не бывае ўвогуле. Яны ўсе хворыя альбо цялесна, альбо ментальна,” — кажа Андрэй Паротнікаў.

Пры гэтым ён адзначае, што Ігар Шуневіч – прафесіянал вельмі высокага ўзроўню. У той жа час яго папракаюць за адыёзныя і вызываючыя паводзіны. „Але хто пасля Захаранкі з міністраў не быў адыёзным? Куляшоў, які разганяў плошчу 2010 году? Ці Агалец, ці Сівакоў, ці іншыя міністры?” — кажа Андрэй Паротнікаў.

– Давайце ўсё будзем рэалістамі. Аўтаномія міністра ў сённяшняй сістэме даволе абмежаваная. І міністр унутраных справаў не робіць палітыкі, ён не вызначае палітыку. Ён кіруе ведамствам, якое праводзіць гэтую ўнутраную палітыку ў жыццё. Таму я не ўпэўнены, што новы міністр будзе прынцыпова чымсьці адрознівацца ад папярэдніх. Таму што ўсё ж такі рамкі, у якіх дзейнічае МУС, такія, якія ёсць. І не ўсё тут залежыць ад міністра. Так, безумоўна, будуць нейкія іншыя праявы асабістых паводзінаў.

Магчыма, не будзе ўжо такой дурной рэакцыі на фотаздымкі з помнікам гарадавога, ніхто не будзе рабіць дэфіле ў мундзіры сталінскага НКУС. Але з’явяцца нейкія іншыя дзіўносткі і цікавосткі, — не выключае Андрэй Паротнікаў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота sb.by

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя