У Беластоку адбудзецца сустрэча з Міхалам Андрасюком

У Беластоку адбудзецца сустрэча з Міхалам Андрасюком


Падляшская бібліятэка імя Лукаша Гурніцкага ў Беластоку (Książnica Podlaska im. Łukasza Górnickiego/ ul, Marii Skłodowskiej-Curie 14 A, VI piętro) запрашае на сустрэчу з цыклу „Літаратурныя серады”.

5-га чэрвеня 2019 года а 17:00 з чытачамі сустрэнецца Міхал Андрасюк – пісьменнік, які піша на беларускай і польскай мовах.

Міхал Андрасюк нарадзіўся ў Гайнаўцы ў 1959 годзе. Дзяцінства і юнацтва правёў у вёсцы Вайноўка (гміна Дубічы Царкоўныя), дзе жыве і цяпер.

Скончыў Беларускі ліцэй у Гайнаўцы (1978), працаваў настаўнікам, мулярам, супрацоўнічае з Беларускім Радыё Рацыя. Дэбютаваў у Тыднёвіку беларусаў у Польшчы „Ніва” у 1979, дзе дагэтуль публікуе свае творы.

Выдаў кнігі: „Фірма” (Беласток, 2000), „Мясцовая гравітацыя” (Беласток 2004), „Вуліца добрай надзеі” (Менск 2010), а таксама: „Белы конь” (Беласток 2006 перакладзена і выдадзена на польскай мове ў 2011 годзе), „Вагон другога класа” (Беласток 2010), „Крыжык” (Беласток 2015).

Міхал Андрасюк з’яўляецца лаўрэатам „Залатога апострафа”, часопіса „Dziejasłou” за сваю прозу апублікаваную на яго старонках у 2009 годзе. Ён атрымаў Літаратурную прэмію прэзідэнта горада Беластока імя Веслава Казанецкага ў 2011 годзе за кнігу „Белы конь”.

Кажа прэс-сакратар Падляшскай бібліятэкі Юстына Саўчук:

– Распытаем спадара Міхала, як пачалася яго пісьменніцкая дзейнасць, распавядзем пра яго новую кнігу. Новая кніга Міхала Андрасюка „Поўня”, перакладу на польскую мову якой пакуль няма. Пастараемся перакласці фрагменты падчас сустрэчы, таму лічу, што варта прыйсці.

Падчас сустрэчы ў бібліятэцы Міхал Андрасюк распавядзе пра сваю апошнюю кнігу „Поўня”.

Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя