60 гарадзенцаў на выставе “Код гораду”

60 гарадзенцаў на выставе “Код гораду”


60 гарадзенцаў прыняло ўдзел у выставе “Код Гораду”, што адкрылася ў гарадзенскай выставачнай зале.

На выставе 58 партрэтаў гарадзенцаў. Мэтай праекту было прыцягнуць увагу да гісторыі Гародні з дапамогай кніг, пра яе напісаных, і з дапамогай саміх гарадзенцаў, якія гэтую ўнікальную гісторыю, культуру захоўваюць і папулярызуюць.

Адным са стваральнікаў выставы з’яўляецца фатограф Сяргей Курыла:

– Працаваць з такімі творчымі людзьмі, якіх вельмі шмат у горадзе. Таму дакрананне да кожнага з гэтых людзей для мяне было проста падарункам. Але не магу сказаць, што ўсё атрымалася. Скажу так, што кожны партрэт – гэта прыступка, не заўсёды дакладная.

На думку журналіста Руслана Кулевіча, удзельнічаць у гэтым праекце для яго – вялікі гонар:

– Перш за ўсё, гэта было нечакана, калі да мяне патэлефанаваў Сяргей і сказаў, каб я прыйшоў у студыю зрабіць фота на наступную выставу. Думаў, што ўсё расцягнецца на гады 2-3, але ён так хутка ўсё зрабіў. Я гляджу, што я стаю ў адным шэрагу з такімі гісторыкамі, як Вашкевіч, Краўцэвіч, Чарнякевіч, мастакамі вядомымі, святарамі. Гэта інтэлігенцыя горада, і мяне прыраўнялі да іх. І гэта вельмі пачэсна быць у адным шэрагу з гэтымі людзьмі.

Пра адметнасць праекта кажа гісторык Андрэй Чарнякевіч:

– Эксперымент. Я ўпершыню мабыць выступаў у якасці жывой натуры. Па-другое, гэта цікавае дапаўненне тых думак і разваг, якія я спрабую неяк увасобіць у тэкстах прысвечаных гісторыі Гародні. Ну і нарэшце гэта калектыўная праца, якая пашырае кола гарадзенцаў.

На думку пастара евангелісцка-лютэранскай царквы Уладзіміра Татарнікава, праект „Код гораду” – гэта ўнікальная экспазіцыя:

– Так цікава было таму, што ў размове з фатографам шукаліся нейкія вобразы, знаходзіліся вобразы звязаныя з кнігамі пра горад Гародню. Лічу, што трэба прыцягваць увагу да нашых кніг, якія выходзяць у Гародні і пра Гародню. З іншага боку было вельмі цікава паўдзельнічаць, плюс паглядзець на тых, хто з персанажаў удзельнічаў у гэтым праекце. Калі я ўдзельнічаў у праекце, то не ведаў, хто з персанажаў яшчэ ўдзельнічае. Было цікава паглядзець фотаздымкі і паразмаўляць з самімі ўдзельнікамі.

Удзельнікі праекта, сярод якіх гісторыкі і мастакі, грамадскія дзеячы і журналісты лічаць адкрыццё гэтай выставы знакавай для горада падзеяй.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя