Алена Анісім: Я не збіраюся „складаць лапкі”

Алена Анісім: Я не збіраюся „складаць лапкі”


Таварыства Беларускай Мовы склала законапраект аб падтрымцы беларускай мовы ды накіравала яго ў адпаведныя структуры, у тым ліку ў Адміністрацыю прэзідэнта.

Некаторыя адказы ўжо прыйшлі, але яны – адмоўныя. Кажа госця эфіру старшыня Таварыства Беларускай Мовы імя Францішка Скарыны, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.

РР: Вы атрымалі два адказы з Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых даследаванняў і з Міністэрства юстыцыі. Яны трошкі адрозніваюцца, але сэнс адзін.

Алена Анісім: Мы можам сказаць, што ні адно, ні другое ведамства не лічыць неабходным прымаць гэты законапраект. Прытым з неабходнасцю развіцця беларускай мовы яны пагаджаюцца. Але падтрымліваць не жадаюць, спасылаючыся на тое, што ў нас ёсць заканадаўства, і нібыта ў нас усе пытанні ўрэгуляваныя.

РР: Калі вы складалі гэты законапраект, вы абгрунтоўвалі яго неабходнасць між іншым тым, што нават закон аб двухмоўі на практыцы фактычна не выконваецца.

Алена Анісім: Мы ў першую чаргу ў сваім абгрунтаванні зважалі на тое, што ёсць у нас Кодэкс аб культуры Рэспублікі Беларусь, у якім беларуская мова прызнаецца нематэрыяльнай культурнай каштоўнасцю, а таксама нядаўна прынятая Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі, у якой беларускай мове адводзіцца належнае месца – а менавіта як вельмі важнаму складніку нацыянальнай бяспекі краіны.

Таксама ў нашым законапраекце ёсць некаторыя заўвагі. Мы бярэм пад увагу тое, што беларуская мова мае магчымасць развівацца і зберагацца толькі на тэрыторыі пераважнага рассялення беларускага народа – гэта значыць, у Рэспубліцы Беларусь. Прымаючы пад увагу тое, што ў выніку працяглай адсутнасці дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі, беларуская мова вымагае дадатковай падтрымкі ў параўнанні з мовамі, якія належаць народам з бесперапыннай традыцыяй нацыянальнай дзяржаўнасці і маюць статус міжнародных. Гэта вельмі важныя акцэнты пра тое, што беларуская мова можа развівацца выключна ва ўмовах нацыянальнай дзяржаўнасці, і што яна павінна мець пэўныя перавагі ў дачыненні да тых моў, якія маюць сваю ўласную дзяржаўнасць, а ў нас яны з’яўляюцца, напрыклад, мовамі нацыянальных меншасцяў. Гэта тое, на што зважаюць увагу ва ўсім свеце.

РР: Вы сказалі ў адказах ёсць такое, што падтрымліваць не будуць, але развіваць хочуць. Што маецца на ўвазе? Неяк тлумачыцца якім чынам?

Алена Анісім: Справа ўся ў тым, што адна рэч прызнаць, што ёсць праблема, а зусім іншая пачаць іх вырашаць. Тое ж самае і з беларускай мовай. У дадзеным выпадку я сыходжу з таго, што за 25-ць гадоў ад рэферэндума, які быў праведзены адносна мовы, у нас шмат што змянілася ў горшы бок, нягледзячы на ўсе нашыя высілкі. Тым не менш усё ж мая праца ў Палаце Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь дае пэўны плён. Як і тое, што ў грамадстве, у грамадзянскай супольнасці зараз таксама трошку змяніліся настроі. Я спадзяюся, што падчас новых выбараў будуць ісці новыя сілы, прабеларускія сілы, якія будуць на розных узроўнях улады, у розных уладных структурах прасоўваць менавіта беларускасць і падтрымліваць беларускую мову. У зносінах, у сваіх выступах на афіцыйным узроўні, у тэлевізійных шоў і г. д. Практычнае выкарыстанне беларускай мовы ў публічнай прасторы з’яўляецца вельмі важнай. Я не збіраюся, як кажуць, „складаць лапкі”, а калі ёсць магчымасць палепшыць законапраект на падставе канкрэтных заўваг, значыць яго трэба палепшыць і падаць на ўключэнне калі не ў 2020, то ў 2021 годзе. Але ні ў якім разе не спісваць яго з парадку дня.

РР: Можа не трэба дагаджаць тым жа расейскім турыстам, а наадварот пацешыць іх нейкай адметнасцю і ўводзіць больш беларускай мовы?

Алена Анісім: Безумоўна. Я ўсё ніяк не магу дачакацца адказу ад Савету міністраў. Я накіроўвала нашаму старшыню, прэмʼер-міністру Румасу свой ліст, як старшыня ТБМ, адносна таго, што ў нас ідзе папулярызацыя Еўрапейскіх гульняў, але ўсе матэрыялы толькі на расейскай мове, хоць на самым пачатку – гэта дзесьці месяца паўтара-два таму, напрыклад, у метро тыдзень ішлі ролікі па-беларуску, тыдзень па-расейску. А потым усё па-беларуску знікла і ўсе абвесткі, усе налепкі, уся іншая рэкламная прадукцыя па Еўрапейскіх гульнях пайшлі толькі на расейскай мове. Я задала пытанне Румасу, як кіраўніку аргкамітэту, што складваецца ўражанне, што аргкамітэт па Еўрапейскіх гульнях працуе на тое, каб усе наведнікі гэтага мерапрыемства ўспрынялі наш Менск не як сталіцу незалежнай дзяржавы з усімі атрыбутамі ўлады, а проста як правінцыйны горад суседняй краіны. Адказу я пакуль не маю. Спадзяюся, што на гэтым тыдні я ўсё ж атрымаю адказ. Я разумею, што ім складана гэта, але я не бачу, каб сітуацыя мянялася. Вырабленая прадукцыя толькі на расейскай мове, нічога па-беларуску няма. Мала таго, што няма ў Менску, няма гэтага і па рэгіёнах.

РР: У гэтым годзе акрамя выбараў таксама будзе праходзіць перапіс насельніцтва. Што б вы хацелі сказаць у сувязі з гэтымі падзеямі?

Алена Анісім: Я б сказала, што гэтыя абедзве падзеі будуць ісці адна за адной і недзе нават перасякацца перапіс і выбары. Таму я б хацела нашым людзям перш за ўсё ўсвядоміць сябе свабоднымі грамадзянамі незалежнай краіны Рэспубліка Беларусь. Дзеля гэтага абавязкова пазначайце, што ваша родная мова беларуская. Гэта надасць вам свабоды, гэта надасць вам упэўненасці, гэта надасць вам рашучасці, і безумоўна гэта надасць адказнасці. Пазначаючы роднай мовай беларускую, мы ўмацоўваем саміх сябе ў сваёй краіне.

Гутарыла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя