Літаратурны фестываль “Прадмова” ў Гародні

Літаратурны фестываль “Прадмова” ў Гародні


У Гародні праходзіць фэст інтэлектуальнай кнігі. Гэта шырокі выезд у Гародню з Менска шэрагу беларускіх выдаўцоў, пісьменнікаў, філосафаў, мастакоў, паэтаў, перакладчыкаў.

Гэта першы выезд прадстаўнікоў менскай беларускай прасторы ў рэгіёны. Чытач мог пераканацца, што колькасна кніжны беларускамоўны рынак расце. Але ёсць і праблемы. Перадусім у яго вузкасці, як з літаратурай аўтарскай, так і перакладной.

Кажа перакладчыца Ганна Янкута, якая прывезла на фэст некалькі кніжак сусветнай літаратурнай класікі ў перакладзе на беларускую.

– Для таго, каб пераклад і літаратура развіваліся, каб гэта была прафесійная дзейнасць, трэба, каб людзі маглі гэтым займацца і зарабляць з гэтага грошы. Зразумела, што ў Беларусі з гэтым цяжка. Напэўна, у нас няма людзей, якія могуць жыць, толькі перакладаючы на замову кнігі, атрымліваючы за гэта грошы, і быць паводле прафесіі перакладчыкам. Пераклад вельмі часта робіцца на энтузіязме. Я думаю, што калі б у нейкі момант з’явілася магчымасць зарабляць на перакладзе грошы, жыць з гэтага, то кадраў з’явілася б нашмат больш.

На думку філосафа Валянціна Акудовіча, адсутнічае камунікацыя паміж асобнымі нацыянальнымі праектамі, суполкамі. Таму ідэя фэсту „Прадмова”, які пакідае Менск і выходзіў у рэгіёны, каб падзяліцца вопытам інтэлектуальнага мыслення там, дзе яго бракуе альбо не праяўляе сябе ў публічнай прасторы. Кажа ўдзельнік фэсту Максім Жбанкоў – культуролаг.

– Беларуская культурная сітуацыя не лінейная, яна парадаксальная, паліфанічная. У ёй няма простых адказаў і простых пытанняў. І, магчыма, усе праблемы з тым, што мы маем тое, што маем, палягаюць на тым, што мы шукалі простыя адказы на складаныя пытанні. «Прадмоў» і іншых такога кшталту імпрэзаў, спадзяюся, будзе шмат. Яны робяць вельмі істотную рэч: яны не транслююць праўды, а адбудоўваюць сферу крытычнага мыслення.

Мастак-афарміцель кніжак Павел Татарнікаў таксама падзяліўся сваімі апошнімі працамі перад удзельнікамі фэсту. На яго думку, надышоў час пашыраць цэх мастакоў-афарміцеляў, бо колькасць кніжак расце, і для якаснай паўнаты выдання заўсёды бракуе якасных ілюстрацый.

Пра асаблівасці фэсту інтэлектуальнай кнігі “Прадмова” распавядае адзін з арганізатараў Павел Баркоўскі:

– Спадзяёмся, што прывезлі вельмі шмат цікавага для гарадзенцаў. Па-першае, гэта былі многія беларускія выдавецтвы, якія прадставілі сваю прадукцыю, якую маглі набыць гарадзенцы. Па-другое, мы паспрабавалі стварыць такую досыць цікавую праграму, якая спалучала ў сабе і дзіцячую частку, і больш сур’ёзную частку, і больш забаўляльную частку.

Цікавай адметнасцю фэсту была дзіцячая частка, пачатак якой задаваў праект “ЗаЧтение”. Яго прадстаўляла Вікторыя Каралёва: – Мы не супраць сучаснай кнігі, не супраць класікі, але лічым, што сучасныя дзеці павінны знаёміцца, у тым ліку, і з сучаснымі аўтарамі. Бо яны пішуць у наш час і пра іх, уздымаюць вельмі складаныя пытанні, якія ў класічнай літаратуры, на шчасце ці на жаль, не ўздымаліся. У сучасных дзяцей сучасныя праблемы, таму мы робім усё, каб сучасная кніжка дайшла да людзей. Мы не прадаём кнігі, а толькі іх папулярызуем рознымі спосабамі.

Закрываць гарадзенскі фэст “Прадмова” будзе поздна ўвечары музычны праект Яўгена Кучмейна “Кропка К”.

* * *

Сёлета беларускі фестываль інтэлектуальнай кнігі “Прадмова” будзе працягвацца больш за месяц. Бо мерапрыемствы фестывалю будуць праходзіць не толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах Беларусі.

Фестываль пачаўся вялікай імпрэзай у Полацку 3 сакавіка. І вось сёння эстафету пераняла Гародня. Кажа адзін з каардынатараў фестывалю Павел Баркоўскі:

– З самага пачатку гэта было наша жаданне, каб рабіць фестываль не толькі для Менска, для сталіцы і яе жыхароў, а каб гэтая кніжная культура пашыралася па Беларусі, каб, у прынцыпе, такія імпрэзы на наш ці іншы ўзор рабіліся паўсюль. Бо відавочна, што калі ў Менску больш-менш яшчэ нейкія падзеі здараюцца, то ў нашых гарадах і рэгіёнах падобныя культурныя падзеі ўсё ж такі дагэтуль рэдкасць.

Акрамя Полацка і Гародні, імпрэзы фестывалю інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» таксама адбудуцца ў Гомелі, Берасці і Бабруйску. У Менску фестывальныя дні пройдуць 4-7 красавіка.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя