«Поўня» Міхася Андрасюка

«Поўня» Міхася Андрасюка


Новую кнігу мастацкай прозы Міхася Андрасюка «Поўня» прэзентавалі ў Музеі і асяродку беларускай культуры ў Гайнаўцы.

„Поўня празаічнага таленту Міхася Андрасюка раскрываецца перад намі ў гэтай кнізе”, – адзначае Яўген Вапа, галоўны рэдактар штотыднёвіка “Ніва”:

– “Поўня” – гэта поўня жыцця нашага, бачнага і нябачнага. Гэта поўня майстэрства, якое выспявала гадамі. Гэта была цяжкая праца аўтара над тым, каб свае думкі, свой жыццёвы досьвед, досьвед стагоддзяў сваіх бабуляў, дзядуляў адлюстраваць у літаратурнай форме, якая цікавая чытачу. Чытач будзе мець дачыненне з гісторыямі, у якія ён няўзмозе паверыць, але яны ў нашым свеце і ў свеце нашых бацькоў, дзядоў былі рэальнымі. Бо перапляталася міфічнае з жыццёвым, праўдзівае з непраўдзівым. Такім быў свет пушчанскіх расказаў. І гэтае слова, якое тут збіралася стагоддзямі, нарэшце ўспыхнула такімі аповесцямі. Гэта кніжка, пра яку будуць доўга гаварыць, чытаць і чакаць новых кніг.

Міхась Андрасюк, аўтар „Поўні”:

– “Поўня” – яна да шчэнту беларуская. Яна паказвае маленькую супольнасць, жменьку насельніцтва, якое знаходзіцца на шляху гісторыі ці вялікай гістарычнай махіны. З пакон вякоў там знаходзіцца на сутыкненні адначасна розных імперый, інтарэсаў, дзяржаў. І знаходзіцца там як сведак, хутчэй за ўсё, бо не ўдзельнік. Вось пра гэтую нашую беларускую супольнасць кніжка і беларускі наш менталітэт. Нашае чаканне на цуд, таксама беларускае, прывязанасць да свайго месца на зямлі. І беларуская згода на свой лёс, нават калі ён цяжкі.

«Гэта мая першая кніга, у якой я не пішу пра маё роднае мястэчка», – кажа аўтар:

– Факт, што Гайнаўкі тут няма. Я шукаў штосьці новае для сябе, каб выйсці з гэтай маленькай гайнаўскай прасторы. Дзесьці далей, што не абазначае, што Гайнаўкі ўжо не будзе. Яна можа да мяне яшчэ вярнуцца ў чарговай кніжцы. Канешне, калі такая будзе. Бо на дадзены момант я не ведаю…

Ужо плануюцца чарговыя прэзентацыя «Поўні» і аўтарскія сустрэчы з падляшскім пісьменнмкам, у тым ліку і ў Беларусі.

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя