ІНП: Заява адносіцца толькі да кнігі „Камендант Буры”

ІНП: Заява адносіцца толькі да кнігі „Камендант Буры”


Інстытут нацыянальнай памяці пракаментаваў заяву, якая з’явілася на сайце ўстановы.

Следчы аддзел ІНП у Беластоку не плануе ўзнаўляць праведзенае ў 2005 следства па справе забойства 79 жыхароў беларускіх вёсак на Падляшшы, кажа яго кіраўнік Януш Раманьчук:

– Следчы аддзел не плануе правядзення следчых дзеянняў. Мы не з’яўляемся аўтарамі гэтай заявы, таму пакінем яго без каментара.

У Варшаўскім аддзяленні інстытута паведамілі, што аўтарамі паведамлення з’яўляюцца Міхал Астапюк з аддзялення інстытута ў Ольштыне, а таксама Казімеж Краеўскі з аддзялення інстытута ў Варшаве.

Аўтары адзначаюць, што іх меркаванне адлюстроўвае пазіцыю ўсяго ІНП:

– Заява была апублікавана галоўнай сядзібай. Я шараговы супрацоўнік дэлегатуры ў Ольштыне. Мне цяжка выказвацца наконт таго, што адбываецца вакол гэтай заявы. Я з’яўляюся яго суаўтарам.

– Я толькі з’яўляюся суаўтарам публікацыі на якую спасылаецца заява. Мы лічым, што „Буры” кіраваўся іншымі матывамі, што іх дзеянні былі элементам змагання з камуністычным рэжымам.

Прэс-сакратар ІНП у Варшаве Адам Левандоўскі пракаментаваў сутнасць размешчанай заявы:

– Наша заява адносіцца выключна да зместу кнігі Міхала Астапюка „Камендант Буры”, якая была выдадзена ІНП. Заява не мае на мэце змены выраку 2005 года.

11 сакавіка польскі Інстытут нацыянальнай памяці змясціў на афіцыйным сайце ўстановы заяву, у якой аспрэчвае высновы следства праведзенага Беластоцкім аддзелам ІНП, які кваліфікаваў дзеянні Рамуальда Райса „Бурага”, як злачынства з прыкметамі генацыду.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя