Дзень Волі ў Варшаве: шэсце ў суботу 23 сакавіка

Дзень Волі ў Варшаве: шэсце ў суботу 23 сакавіка


Набліжаюцца 101-ыя ўгодкі абвяшчэння незалежнасці БНР. Дата, якую будуць святкаваць беларусы ва ўсім свеце.

Беларускі Дом у Варшаве запрашае на традыцыйнае святочнае шэсце з нагоды Дня Волі ў польскай сталіцы. Сам марш адбудзецца ў суботу 23 сакавіка – у выходны дзень перад святам.

Пачатак а 14:00 ад помніка Тадэвуша Касцюшкі (Plac Żelaznej Bramy).

Больш падрабязна пра святкаванне распавядае актывіст і журналіст Эдуард Жолуд, які дапамагае Беларускаму Дому ў арганізацыі:

– Траса ў нас класічная, ужо на працягу некалькі год шэсце адбываецца ў цэнтральнай частцы гораду і мае вельмі сімвалічнае значэнне, бо пачынаецца пад помнікам славутага земляка, нацыянальнага героя Польшчы, Беларусі і Злучаных Штатаў Амерыкі Тадэвуша Касцюшкі, пройдзе цэнтральнымі вуліцамі скрозь Варшаву, і завершыцца пад помніку ўжо іншаму славутаму земляку, беларусу Адаму Міцкевічу на Кракаўскім Прадмесці. Сярод беларускіх эміграцыйных колаў заангажаваныя чальцы Руху Салідарнасці “Разам” у гэтую дзейнасць. Думаем, што ўсё пройдзе як мае быць. Прадугледжаная тэхнічная частка, будзем спяваць беларускія знакамітыя патрыятычныя песні, падрыхтаваныя транспаранты, лозунгі, так што думаю, што шэсце адбудзецца годна.

РР: Вядома, Дзень Волі – гэта свята, гэта радасны дзень. Аднак ведаем, што ў Менску святочны канцэрт пакуль што забаранілі. Невядома, ці да самае даты яшчэ нешта дазволяць, ці будзе нейкі выхад з усёй гэтай сітуацыі. У эміграцыі ж, безумоўна, значна больш свабоды для гэтага.

Эдуард Жолуд: Так. Тут трэба прыгадаць самую працэдуру атрымання дазволу, нават не атрымання дазволу, а толькі паведамлення, якое мы накіравалі ў гарадскую ўладу аб тым, што мы намераныя правесці гэтае шэсце. А гарадская ўлада толькі дае фармальнае пацвярджэнне таго, што яна прыняла гэта да ведама. Трэба адзначыць, што гэта вельмі лёгкая працэдура. І мы як арганізатары, асабіста я як той чалавек, які падаваў заяўку, не нясе ніякіх затратаў, звязаных з арганізацыяй гэтага шэсця, бо горад бярэ на сябе забеспячэнне медычных паслугаў, паслугаў паліцыі, якая будзе нас суправаджаць па ўсім маршруце, адказваць за бяспеку шэсця. У параўнанні з тым, што адбываецца ў Беларусі, гэта, вядома, прыкра, што тут на чужыне, у Варшаве беларусы маюць значна лепшыя ўмовы для арганізацыі сваіх святаў, чымся дома ў Беларусі.

РР: Вы казалі, што паліцыя бясплатна суправаджае шэсце, дапамагае сачыць за парадкам. У мінулыя гады на шэсце прыходзіла ад некалькіх дзясяткаў да 250 чалавек. Людзі ідуць ходнікам ці праезджай часткай? Як гэта ў Вас у заяўцы было напісана?

Эдуард Жолуд: Заяўка наогул не прадугледжае інфармацыі на гэтую тэму. У залежнасці ад колькасці ўдзельнікаў паліцыя або вылучае праезджую частку для мітынгоўцаў, або шэсце ідзе проста ходнікам.

РР: Вырашаюць на месцы?

Эдуард Жолуд: Так, гэта бачна на месцы, гэта залежыць ад колькасці ўдзельнікаў акцыі. Трэба абавязкова адзначыць, супрацоўнікі варшаўскае паліцыі надзвычай прыязныя да іншаземцаў, якія напоўніцу карыстаюцца правамі на мірны сход. Таму, калі мы сустракаліся і абмяркоўвалі трасу шэсця, – тут сапраўды вельмі кампетэнтныя органы правапарадку.

Адразу пасля завяршэння шэсця арганізатары запрашаюць на святочную імпрэзу ў Беларускі Дом у Варшаве (ul. Wiejska, 13-3) на 16:00.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя