Суд над рэдактаркай TUT.BY Марынай Золатавай

Суд над рэдактаркай TUT.BY Марынай Золатавай


Судовы працэс адновіцца 14 лютага ў 10.00.

Уваход трэцяй асобы з дапамогай лагіна і пароля карыстальніка, які атрымаў гэтыя ідэнтыфікатары ва ўладальніка рэсурсу, з’яўляецца фактам несанкцыянаванага доступу да камп’ютарнай інфармацыі, заявіў загадчык кафедры аховы інфармацыі БДУІР Цімафей Барбацько, выступаючы 13 лютага ў якасці сведкі ў судзе над галоўным рэдактарам сеткавага выдання tut.by Марынай Золатавай.

Дзяржабвінаваўца — старшы пракурор аддзела Генпракуратуры Юлія Харчэйкіна — спытала ў Барбацько, які спецыялізуецца на тэхнічнай ахове інфармацыі, ці з’яўляецца несанкцыянаваным доступ, калі нехта ўводзіць лагін і пароль, на выкарыстанне якіх ўладальнік пэўнага рэсурсу сваёй згоды не даваў. „Ідэнтыфікатар выдае ўладальнік рэсурсу, — адзначыў эксперт.

— Узаемаадносіны з парольнай аховай будуюцца на тым, што карыстальнік, які абсалютна легальна атрымаў пароль, павінен захоўваць яго ў сакрэце. Гэта адзін з базавых пастулатаў працы гэтай сістэмы аховы. Калі нейкім чынам ідэнтыфікатар быў скампраметаваны, перахоплены, разгалошаны, падгледжаны і выкарыстоўваецца ўжо трэцяй асобай, якая не мае ўзаемаадносін з уладальнікам інфармацыйнага рэсурсу, гэта значыць не атрымаў санкцыю на доступ, то, вядома, доступ не санкцыянаваны ўладальнікам гэтага рэсурсу”.

Той факт, што лагін і пароль былі атрыманыя не ў выніку праграмна-тэхнічнага ўмяшання, гэта значыць узлому, паводле слоў Барбацько, у гэтым выпадку значэння не мае. Намеснік гендырэктара агенцтва БелТА Аксана Кірыльчык распавяла суду пра ўнікальнасць кантэнту БелТА і пра розніцу паміж платнай стужкай навін, даступнай толькі для падпісчыкаў, і сайтам belta.by, на якім навіны даступныя для ўсіх інтэрнэт-карыстальнікаў.

***

Марына Золатава кажа, што яе расчуліла і ўзрушыла падтрымка журналісцкай супольнасці.

Паводле намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыса Гарэцкага, які прысутнічае на судах, «справа БелТА» – сапраўды паказала, якой моцнай і салідарнай можа быць журналісткая супольнасць.

– Пазнаёміў Марыну Золатаву з маці Паўла Шарамета. Гэта чалавек, які страціў сына, сына-журналіста. І гэты чалавек прыйшоў у суд і сказаў, што для яе вельмі важна падтрымаць Марыну і выказаць сваю салідарнасць з журналістамі. Такіх людзей было шмат. І рэдактар “Народнай Волі” Іосіф Сярэдзіч, і вельмі шмат актывістаў, праваабаронцаў, палітыкаў. Канешне, яны не будуць хадзіць кожны дзень, але вельмі важна, што яны былі, сочаць за працэсам і выказваюць сваю салідарнасць.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя