“Сон пра Варшаву”: да 80-годдзя з дня нараджэння Чэслава Немэна


15 лютага а 17-ай гадзіне ў кінатэатры “Цэнтральны” (г. Менск, пр-т Незалежнасці, 13) адбудзецца спецыяльны паказ поўнаметражнай біяграфічнай дакументальнай стужкі “Сон пра Варшаву” польскага рэжысёра Кшыштафа Магоўскага прысвечаецца 80-годдзю з дня нараджэння Чэслава Немэна – куміра многіх пакаленняў, кампазітара, вакаліста, паэта, які стварыў свой непаўторны музычны свет і стаў сімвалам цэлай эпохі ў гісторыі музыкі.

Чэслаў Юліюш Выджыцкі (творчы псеўданім Чэслаў Немэн) нарадзіўся ў вёсцы Старыя Васілішкі (цяпер Шчучынскі раён, Гродзенская вобл.) 16 лютага 1939 г. Тут прайшлі яго дзіцячыя і юнацкія гады да ад’езду сям’і Выджыцкіх у Польшчу ў 1958 годзе. У 2010 г. у Старых Васілішках адкрыўся музей Чэслава Немэна – адзіны ў свеце музей рок-музыканта ў яго родным доме.

Фільм «Сон пра Варшаву» быў створаны ў 2014 годзе, у 10-ую гадавіну смерці легендарнага артыста, які памёр у студзені 2004 года. У фільме выкарыстана шмат раней невядомых архіўных матэрыялаў, якія праліваюць новае святло на жыццё Чэслава Немэна.

Пра гэта маляўніча расказваюць члены яго сям’і, сябры-музыканты, музычныя крытыкі і журналісты – агулам больш за 50 асобаў – і ўсё гэта на фоне культурнай палітыкі Польскай Народнай Рэспублікі, адказнай за зменлівасць яго кар’еры ў залежнасці ад сімпатыі тагачасных уладаў і крытыкі.

Фільм насычаны музыкай Немэна, які па апытаннях штотыднёвіка «Палітыка» ў 1999 годзе быў абвешчаны Музыкантам Усіх Часоў. Гэта быў чалавек-установа, адзін з нямногіх, хто бесперапынна ствараў для чатырох пакаленняў палякаў. Яго творчасць не толькі з’яўляецца канонам польскай песні і вечным натхненнем для маладых артыстаў, яна ўзвяла папулярную музыку ў ранг сапраўднага мастацтва і ўрасла ў польскую поп-культуру. Фільм К. Магоўскага пачынаецца са сцэны, калі са стадыёна клуба «Легія Варшава» разносіцца харавы спеў заўзятараў: «Я маю таксама, як ты, мой горад, а ў ім: найпрыгажэйшы мой свет, найпрыгажэйшыя дні…».

Аматары музыканта прыгадаюць сабе яго самыя вядомыя хіты, а старэйшыя гледачы – сваю маладосць.

Фільм дэманструецца на беларускай мове.

Уваход па запрашэннях.

Запрашэнні на паказ можна атрымаць у Польскім Інстытуце па папярэдняй замове праз асабістае паведамленне ў FB або па e-mail: elena.zdobnikowa@instytutpolski.org

Паводле прэс-рэлізу

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя