У Гародні плануюць свята на Дзень Волі

У Гародні плануюць свята на Дзень Волі


У Гародні адбылося першае паседжанне грамадскага аргкамітэта па святкаванні 25 сакавіка – Дня Волі.

На паседжанні апроч месцаў правядзення свята абмяркоўваліся і выклікі, што паставіла перад арганізатарамі сёлета ўлада.

Распавядае сябра аргкамітэта, кіраўнік партыі БНФ па Гарадзеншчыне Вадзім Саранчукоў:

– Істотнае павелічэнне аплаты паслугаў міліцыянтаў, якое з’явілася ў гэтым годзе. Мы абмяркоўвалі фармат падачы заяўкі ці не падачы – правядзення несанкцыянаванага мерапрыемства. Асноўная частка людзей выказалася за тое, каб правесці святкаванне – фестывальны фармат. Будзем спрабаваць па магчымасці легалізаваць гэтае мерапрыемства. Вырашылі, што правядзём перамовы з гарвыканкамам, звернемся па ўзгадненне месца правядзення. Пакуль што казаць пра канчатковае месца яшчэ рана. Я думаю, што ў гэтым годзе святкаванне будзе як мінімум не горшым, чым у мінулым.

Сяргей Верамеенка, прадстаўнік БХД у аргкамітэце спадзяецца на выкарыстанне партыйнай сімволікі на гэтым мерапрыемстве:

– Выкарыстанне партыйнай і іншай сімволікі рэгламентуецца Законам аб масавых мерапрыемствах. Таму я не думаю, што будзе штосьці супрацьзаконнае, калі зарэгістраваныя партыі і рухі будуць выкарыстоўваць сваю сімволіку. Тым больш, што ўжо практыка такая ёсць. У мінулым годзе яна была ў Менску. Як мы бачылі, усё прайшло арганізавана на высокім роўні.

Наступнае паседжанне гарадзенскага аргкамітэта па святкаванні Дня Волі адбудзецца 13 лютага.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя