Паўла Адамовіча ўзгадвае Лена Глагоўская

Паўла Адамовіча ўзгадвае Лена Глагоўская


Прэзідэнт Гданьска Павел Адамовіч быў адкрытым і талерантным чалавекам.

І хоць у палітычным жыцці публічна не гаварыў пра свае беларускія карані, аднак падтрымліваў беларусаў і нашыя справы. Так пра загінулага прэзідэнта горада ўзгадала ў нашым эфіры прафесар, старшыня Беларускага культурнага таварыства “Хатка” Лена Глагоўская.

Знаёмства з Паўлам Адамовічам пачалося прыкладна 21 год таму, распавяла спадарыня Алена:

– Звярнуліся пры нагодзе 85-х угодкаў БНР у 2003 годзе, каб узяў патранат над святкаваннем. Тады рыхтавалі выставу прац Пятра Сергіевіча. Ён адкрываў гэтую выставу. Пасля былі кантакты, звязаныя са знаходжаннем Беларускага ліцэя ў Гданьску. Прэзідэнт Адамовіч сустракаўся з ліцэістамі. Калі мы адкрывалі помнік Янку Купалу ў 2007 годзе, ён прымаў удзел.

Павел Адамовіч памёр у шпіталі ў Гданьску. 13 студзеня ён прымаў удзел у дабрачынным мерапрыемстве ў цэнтры горада, калі на сцэну выбег мужчына з нажом у руках і нанёс прэзідэнту некалькі ўдараў. Паранены Павел Адамовіч перанёс цяжкую аперацыю, лекары змагаліся за яго жыццё, аднак безвынікова. Сёння пасля поўдня стала вядома, што прэзідэнт Гданьска пайшоў з жыцця.

Спадарыня Лена між іншым узгадвае цікавыя факты сямейнай гісторыі Паўла Адамовіча, напрыклад, што яго бабулю са Смаргоні звалі Пелагея, а ягоны бацька вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота PAP

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя