Артур Касіцкі: Чакаю прапановаў з асяроддзя беларусаў

Артур Касіцкі: Чакаю прапановаў з асяроддзя беларусаў


Новы маршалак Падляшскага ваяводства Артур Касіцкі абяцае далейшае развіццё стасункаў з беларускім бокам і падтрымку беларускай нацыянальнай меншасці.

Кіраўнік выканаўчай улады рэгіёну наведаў нашу радыйную студыю. Ён адзначыў, што ў кантактах з Беларуссю плануе рабіць акцэнт на развіцці дарожнай інфраструктуры:

– Хацеў бы засяродзіцца на такіх больш стратэгічных дзеяннях, гэта праект шырокіх рэек да Беларусі – дадатковая чыгуначная лінія. Калі ідзе пра спалучэнне перахода ў Кузніцы Беластоцкай з Беластокам, то гэта пытанне дарогі S19, адрэзка з Беластока да Кузніцы Беластоцкай. Таксама гэта стварэнне тэхнічнай інфраструктуры, якая будзе мець вельмі вялікі ўплыў на развіццё не толькі турызму, але і эканомікі абодвух краін.

Таксама маршалак Артур Касіцкі задэклараваў сваю адкрытасць на прапановы супрацоўніцтва з боку прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай меншасці на Падляшшы:

– Не ўяўляю сабе, каб наш рэгіён развіваўся без гэтай супрацы. У мяне шмат знаёмых тут, якія, напрыклад, працуюць на вашым радыё, супраца ў нас ідзе добра. Чакаю прапановаў з асяроддзя беларусаў, што яны хацелі б рэалізаваць, што іх найбольш цікавіць. Хочацца, каб праекты былі карыснымі для іх, каб не навязваць, а пытаць, што яны хацелі б рэалізаваць.

Таксама маршалак аднёсся да свята Раства Хрыстова, якое праваслаўныя будуць адзначаць 7 студзеня, і пажадаў нашым слухачам, каб гэтае свята стала днём надзеі і любві, каб у новым годзе спаўняліся мары і не было расчараванняў.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя