Ян Мордань: Традыцыйныя святы губляюць глыбінны сэнс

Ян Мордань: Традыцыйныя святы губляюць глыбінны сэнс


“Традыцыйныя святы ў сённяшні час губляюць свой глыбінны сэнс. У тым ліку гэта тычыцца і адзначэння свята Раства Хрыстовага”, – так мяркуе жыхар падляшскіх Гацькоў Ян Мордань.

“Людзі мітусяцца перад святам, каб было прыгожа на іх панадворку ды ў іх хаце, але перасталі рабіць нешта супольна”, – працягвае наш суразмоўца, які прыгадвае, як было на вёсцы раней:

– Моладзь, дзеці збіраліся па хатах групамі. Напрыклад, хлопцы рыхтавалі калядныя зоркі, майстравалі іх, упрыгожвалі. Усе групы стараліся і ў сем’ях, і ў групах жанчын развучвалі, прыпаміналі калядкі, песні, якія звязаны з нараджэннем Ісуса Хрыста.

Ян Мордань жадае на святы, каб людзі перасталі рабіць нешта толькі дзеля грошай, бо найважнейшае ў жыцці, на яго думку, – блізкія і родныя людзі. У гэтыя дні праваслаўныя вернікі рыхтуюцца да адзначэння Раства Хрыстова, якое святкуецца 7 студзеня, паводле Юльянскага календара.

У традыцыі ў гэты дзень пачыналі хадзіць пераапранутыя калядоўнікі, якія спявалі песні, за што гаспадары мусілі іх пачаставаць.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя