У Варшаве ўручылі «польскія Нобэлеўскія прэміі»

У Варшаве ўручылі «польскія Нобэлеўскія прэміі»


Прэмія Фонду польскай навукі прысуджаецца з 1992 году - дагэтуль яе атрымалі 99 чалавек.

У апошнюю сераду 5-га сьнежня Капітул Фонду польскай навукі ўручыў гэтак званыя «польскія Нобэлеўскія прэміі». Гэта найбольш прэстыжная ўзнагарода для навукоўцаў, якія працуюць для польскай навукі.

Падчас цырымоніі ўручэньня ў варшаўскім Каралеўскім замку ўзнагароды атрымалі прафэсар Анджэй Дзембоўскі (Andrzej Dziembowski), Анджэй Галэнскі (Andrzej Gałęski), Кшыштаф Пахуцкі (Krzyszof Pachucki) i Цімаці Снайдэр. Кожны ляўрэат атрымаў 200 тысяч злотых (то бок 53 тысячы даляраў).

Фонд польскай навукі прысуджае ўзнагароды ў чатырох абласьцях: навукі аб жыцьці й Зямлі, хімічныя навукі й матэрыялазнаўцтва, матэматычныя й фізычныя навукі й гуманітарныя й сацыяльныя навукі.

Пра ідэю прэміі гаворыць старшыня Фонду польскай навукі прафэсар Мацей Жыліч.

М.Жыліч: Гэтую ўзнагароду прысуджаюць акадэмічныя колы, гэта насамрэч навуковая ўзнагарода. Кандыдатаў да ўзнагароды вызначаюць навуковыя супрацоўнікі. Кандыдаты й іх дасьледаваньні праходзяць праверку на некалькіх этапах, вылучаюцца самыя лепшыя кандыдаты.

Узнагароджаны ў галіне хіміі і дасьледаваньня матэрыялаў прафэсар Анджэй Галэнскі з Цэнтру малекулярных і высокамалекулярных дасьледаваньняў Польскай акадэміі навук (філіял у горадзе Лодзь) распрацаваў новы мэханізм плястычнай дэфармацыі палімэраў. Дзякуючы яго працы сталі зьяўляцца супэрмэцныя плястмасы, якіх доўга чакалі аэракасьмічная й аўтамабільная прамысловасьці.

А.Галэнскі: Каб гэтага дасягнуць, нам трэба было дасьледаваць усе зьявы, якія адбываюцца са штучнай плястмасай, напрыклад, калі прыменім нейкую сілу, то палімэр дэфармуецца. Нам трэба было ўсё дакладна вывучыць, каб умець кіраваць гэтымі працэсамі. І мы гэта зрабілі, ну й атрымалі прэмію.

Пераможцам узнагароды ў галіне навук аб жыцьці й Зямлі стаў прафэсар Анджэй Дзембоўскі з Інстытуту біяхіміі й біяфізыкі Польскай Акадэміі за тлумачэньне значэньня ключавых фэрмэнтаў, якія дэградуюць РНК. Парушэньні працы гэтых жа фэрмэнтаў прыводзяць да паталягічных станаў. Вынікі працы прафэсара Дзембоўскага выкарысталі для выпрацоўкі новага падыходу ў лячэньні рака касьцявога мозгу (міеломы).

А.Дзембоўскі: Мы дасьледавалі мэханізм працы генаў, гэта значыць, якім чынам інфармацыя, закадавана ў ДНК, перадаецца на бялкі, бо бялкі адказваюць за функцыянаваньне кожнай клеткі. Працэс праяўленьня генаў у бялках вельмі складаны. Інфармацыя ДНК з клеткавага ядра пераносіцца на РНК і перамяшчаецца зь ядра ў цытаплязму, дзе і ўзьнікаюць бялкі. Нас цікавіць, якім чынам рэгулюецца стабільнасьць РНК. Кожная частка РНК кадуе адпаведныя бялкі, а рэгуляваньне гэтай стабільнасьці мае ключавое значэньне для таго, каб можна было вырашаць, колькі дадзенага бялка паўстане ў дадзенай клетцы. Нашыя дасьледаваньні прычыніліся да таго, што навукоўцы выявілі, якім чынам праходзіць дэградацыя бялка, якія фэрменты ўдзельнічаюць у гэтым працэсе й якое гэта мае значэньне для дзейнасьці клеткі. Пры нагодзе мы выявілі прычыны некаторых хвароб, напрыклад, рака касьцявога мозгу (міеломы). У нейкай ступені мы прычыніліся да напрацоўкі новага спосабу лячэньня. Гэта толькі асноўны этап, а шлях да сапраўднага лячэньня яшчэ далёкі.

У галіне фізыка-матэматычных і тэхнічных навук прэмію атрымаў прафэсар Кшыштаф Пахуцкі, супрацоўнік Варшаўскага ўнівэрсытэта. Яго навуковае дасягненьне – дакладны квантава-электрадынамічны падлік і вызначэньне спэктральных парамэтраў лёгкіх атамаў і малекул – зьяўляюцца асновай дакладнага вызначэньня фундамэнтальных фізычных канстант. Дзеля чаго могуць выкарыстоўвацца гэтыя вынікі?

К.Пахуцкі: Мы стараемся вельмі дакладна растлумачыць разьмяшчэньне атамаў, каб пацьвердзіць наш тэзіс. Калі нашыя вынікі не супадаюць з экспэрымэнтам, то найчасьцей прыходзіцца зьмяніць экспэрымэнт, і тады ў нас атрымліваецца новае адкрыцьцё. Гэта так званая фундамэнтальная фізыка. Мы стараемся зразумець асноўныя прынцыпы фізыкі. Я хачу адзначыць, што ў гэтым годзе зьмянілася Міжнародная сыстэма СІ. І гэтая новая сыстэма грунтуецца на фундамэнтальныя фізычныя канстанты. І цяпер вызначэньне кіляграма не абапіраецца на гіру, які знаходзіцца ў цэнтры мер каля Парыжа, але базуецца на сталых фізычных якасьцях, паводле якіх можна зрабіць гіру, якая будзе важыць 1 кіляграм.

Навуковыя дасягненьні не заўсёды адразу прымяняюцца ў жыцьці. Прафэсар Жыліч з Капітула Фонду польскай навукі тлумачыць гэтае пытаньне.

М.Жыліч: На самой справе фонд не зьвяртае ўвагі на тое, што вынаходніцтва мае практычны характар. Часам нам не хапае досьведу, дзеля чаго можна выкарыстаць дадзеныя вынікі. І часам праходзіць 50 і 100 гадоў, калі нарэшце хтосьці іншы выкарыстае гэтыя вынікі. Таму капітул не ацэньвае практычнасьці вынаходніцтва. Самае галоўнае, гэта тое, што гэтыя дасьледаваньні - на сусьветным узроўні.

Прэмію ў галіне гуманітарных і сацыяльных навук атрымаў прафэсар Цімаці Снайдэр з Ельскага унівэрсытэта. Быў высока ацэнены яго аналіз палітычных і сацыяльных мэханізмаў, якія ў ХХ стагодзьдзі прывялі да этнічных канфліктаў і генацыду ў Цэнтральнай Эўропе. Як падкрэсьлілі ўфондзе, дасьледаваньні прафэсара Снайдэра далі новае вымярэньне ў гісторыі Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы ў ХХ стагодзьдзі.

Прэмія Фонду польскай навукі прысуджаецца з 1992 году - дагэтуль яе атрымалі 99 чалавек.

яс

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё