Прэзентацыя календара „Думай. Гавары. Пішы. Не бойся”

Прэзентацыя календара „Думай. Гавары. Пішы. Не бойся”


11-га снежня а 19-й гадзіне ў гарадзенскім Цэнтры гарадскога жыцця пройдзе прэзентацыя перакіднога календара „Думай. Гавары. Пішы. Не бойся”.

Намаганнямі і пошукамі сяброў Беларускай Асацыяцыі Журналістаў паўстаў гэты каляндар, як напамін пра час, калі шырокім полем расла незалежная журналістыка ў Гародні. А сёлета акурат споўнілася 35 гадоў з дня стварэння першага незалежнага падпольнага выдання студэнтаў.

Пра каляндар, як праект, кажа старшыня гарадзенскай суполкі Беларускай Асацыяцыі Журналістаў Вольга Корсун:

– Гародня мае багатую гісторыю непадцэнзурнага вольнага слова. І мы – журналісты БАЖ – лічым вельмі важным гэтую гісторыю захоўваць і расказваць пра яе. Таму што гэта тыя людзі, тыя падзеі, якімі сапраўды варта ганарыцца. Цягам года мы працавалі з гарадзенскімі архівамі, з фотаздымкамі, збіралі інфармацыю, якая тычыцца самвыдатаў, якія тут выходзілі, руху салідарнасці журналістаў, перагледзелі вельмі шмат архіўных газет, выданняў.

На імпрэзу сябры БАЖ запрашаюць усіх жадаючых. Наведнікі змогуць бясплатна атрымаць каляндар, як напамін пра вольнае Беларускае слова ў Гародні.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя