Мюзікл у Цэнтры гарадскога жыцця

Мюзікл у Цэнтры гарадскога жыцця


Упершыню ў Цэнтры гарадскога жыцця Гародні адбыўся сацыяльны мюзікл. Прадстаўленне было прысвечана да Сусветнага дня валанцёра, што адзначаецца ў свеце 5 снежня.

Пра адметнасці гэтага мюзікла распавядае сцэнарыст і выканаўца адной з галоўных роляў Людміла Цімашок:

– Гэты мюзікл цікавы сваёй свежай ідэяй. Сэнс мюзікла заключаецца ў тым, каб паказаць усю рэальнасць, якую мы кожны дзень бачым на вуліцы, як цяжка часам чалавеку з інваліднасцю забрацца да тых зорак, якія ён хоча і можа атрымаць, скрозь тыя церні, праз якія не пускаюць яго самыя звычайныя людзі.

На думку кіраўнічкі гарадзенскага дзіцячага хоспіса Вольгі Вялічкі, мюзікл – гэта добрая форма працы з людзьмі.

– Самым цікавым у гэтым мерапрыемстве з’яўляецца тое, што спектакль цалкам працаваны дзецьмі з інваліднасцю і валанцёрамі. Тут не прысутнічае ніводнага прафесійнага акцёра. І адначасова ўсе яны з’яўляюцца акцёрамі. Паказваюцца тыя сацыяльныя праблемы, з якімі сутыкаюцца людзі з інваліднасцю, дзеці. І мне падаецца, што гэта вельмі добрая форма работы да Міжнароднага дня людзей з інваліднасцю і Міжнароднага дня валанцёраў.

Паглядзець мюзікл прыйшлі валанцёры і дзеткі, якімі апекуецца хоспіс, а таксама вялікая колькасць школьнікаў, якіх запрасілі на прагляд мюзікла іх сябры.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя