У Менску прайшоў першы Польска-беларускі сэмінар стартапаў

У Менску прайшоў першы Польска-беларускі сэмінар стартапаў


Польшча зацікаўленая ў інвэставаньні ў беларускія кампаніі ў галіне высокіх тэхналёгій, але таксама жадае прыцягнуць беларускія стартапы да сябе - прадстаўнік Польшчы.

Некалькі дзясяткаў кампаній з Польшчы й Беларусі прынялі ўдзел ў Менскім форуме прасоўваньня стартапаў. Першая гэтага роду сустрэча адбылася ў Парку высокіх тэхналёгій Беларусі.

Войцех Панікеўскі (Wojciech Ponikiewski), намесьнік дырэктара дэпартамэнта эканамічнага супрацоўніцтва МЗС Польшчы, адзначыў, што сэмінар накіраваны на пошук магчымасьцяў супрацоўніцтва. Польшча зацікаўленая ў інвэставаньні ў беларускія кампаніі ў галіне высокіх тэхналёгій, але таксама жадае прыцягнуць беларускія стартапы ў Польшчу, Панікеўскі.

В.Панікеўскі: Фірмы, зарэгістраваныя ў Польшчы, прысутнічаюць таксама на эўрапейскім рынку, і гэта напэўна вялікі плюс. У нас ёсьць цэлы шэраг фінансавых інструмэнтаў, якімі таксама могуць карыстацца замежныя фірмы. Гэта, напрыклад, Poland Prize, зь якога фінансуецца прыцягваньне стартапаў у Польшчу з замежжа й іх разьвіцьцё на польскім рынку.

Войцех Панікеўскі падкрэсьлівае, што беларускі Парк высокіх тэхналёгій зрабіў на ім вялікае ўражаньне.

В.Панікеўскі: Адныя толькі лічбы сьведчаць пра вялікі маштаб. Больш за адзін міліярд даляраў экспарту ў галіне высокіх тэхналёгій і праграмнага забесьпячэньня паходзяць з гэтага парку. Беларускія фірмы маюць вялізарныя посьпехі ў сьвеце. Некаторыя зь іх набылі сусьветную славу. Я думаю, што нам таксама ёсьць чаму павучыцца.

Па словах дырэктара Міжнароднага дэпартамэнта Парку высокіх тэхналёгій Кірыла Залеўскага, усе краіны Эўразьвязу карыстаюцца прадуктамі беларускай Сіліконавай даліны. Ва ўсіх кампаніях парку працуе 35 тысяч чалавек.

Дагэтуль ў беларускай Сіліконавай даліне працуе толькі адна польская кампанія -POLSOFT.

Беларускія дасягненьні ў першую чаргу цікавыя краінам постсавецкай прасторы, таму што беларусы першымі вырваліся ў лідары ў сваім рэгіёне ў гэтай галіне, аднак беларускай Сіліконавай даліне патрэбнае пашырэньне інфармацыі пра яе як у Польшчы, так і ў ЭЗ. І на гэта трэба зьвяртаць увагу на Польска-беларускім форуме стартапаў у Менску, зазначае Кірыл Залеўскі.

У Менскім форуме прасоўваньня стартапаў прынялі ўдзел каля 20 сучасных фірмаў з Польшчы й каля 40 кампаній з Беларусі.

У.Пац/яс

Эфірны сюжэт слухайце, калі ласка, у далучаным файле

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё