Уладзіслава Ахроменку згадваюць калегі

Уладзіслава Ахроменку згадваюць калегі


9 лістапада не стала таленавітага беларускага пісьменніка, драматурга, кінасцэнарыста, супрацоўніка нашага радыё Уладзіслава Ахроменкі.

Пісьменнік і журналіст Алесь Аркуш згадвае яго як настомнага працаўніка на ніве беларускай культуры.

– Уладзіслаў Ахроменка, па-мойму, імкнуўся да свабоды, у тым ліку творчай. Усё што ён рабіў – гэта пашырэнне і сваёй творчай свабоды, і пашырэнне нашай агульнай беларускай свабоды. Гэта і радыёперадачы, і кнігі. Ён пісаў такія кнігі, якія не маглі быць сёння выдадзеныя ў дзяржаўных выдавецтвах, пра гэтыя кнігі не пісалі ў дзяржаўных часопісах, гэта кнігі дзеля заўтра.

Паводле праграмнага дырэктара Беларускага Радыё Рацыя Юркі Ляшчынскага, Уладзіслаў Ахроменка ўвесь час шукаў новыя тэмы, новыя фарматы перадач, наперадзе было шмат планаў.

– Уладзіслаў мне запомніцца найбольш як такі журналіст, які ўвесь час працаваў, і адначасна пісаў мастацкія кнігі. І ўсё хацеў новага. Ён ніколі не казаў, што не маю часу гэтым заняцца. Ён казаў, што я зраблю, я хачу зрабіць, і ўвесь час былі прапановы з яго боку, казаў, што мае штосьці іншае, цікавае. Апошнім часам, калі мы размаўлялі пра нашыя планы, то колькі яшчэ было перад намі цікавых тэмаў, цівых ідэяў.

29 кастрычніка ў Уладзіслава Ахроменкі здарыўся інфаркт, ён знаходзіўся ў рэанімацыі беластоцкай лякарні ў цяжкім стане. Выратаваць яго лекарам не ўдалося.

Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя