Алесь Смалянчук прэзентаваў 700-старонкавы жыццяпіс Рамана Скірмунта

Алесь Смалянчук прэзентаваў 700-старонкавы жыццяпіс Рамана Скірмунта


Плён шматгадовай працы вядомага гарадзенскага гісторыка Алеся Смаленчука быў прэзентаваны ў “Цэнтры гарадскога жыцця”, што па вуліцы Кірава, 3. На імпрэзе быў увесь свет гарадзенскай гістарычнай навукі.

Грунтоўны том „Раман Скірмунт. Жыццяпіс грамадзяніна краю” Алеся Смаленчука расказвае чытачу пра жыццё і трагедыю аднаго з заснавальнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі, стагоддзе якой адзначаецца сёлета.

Кажа Алесь Смалянчук:

– Варта было закончыць у гэтым годзе. 25 красавіка 1868 года нарадзіўся Раман Скірмунт. Супалі дзве такія даты – 150-годдзе з дня нараджэння Скірмунта і 100-годдзе БНР.

На думку рэцензента кнігі Сяргея Токця, праца Алеся Смаленчука стане класікай беларускай гістарыяграфіі.

І студэнты, і гісторыкі мусяць яе прачытаць на роўні з працамі Міколы Улашчыка і Мітрафана Доўнар-Запольскага.

– Каб зразумець беларускаую гісторыю. Зараз для тых, хто цікавіцца беларускай гісторыяй, джэнтэльменскі неабходны набор – гэта праца Алеся Смаленчука. Гэтую кнігу чытаеш і захапляешся. Гэта сапраўдны скарб беларускай гістарыяграфіі.

На жартаўлівую рэпліку Алеся Смаленчука, што студэнты праклялі б аўтара за такую аб’ёмістую працу, якая мае больш за 700 старонак, – адказалі ўдзельнікі дыскусіі, што цяпер мода вяртаецца да вялікіх фарматаў кніг. Дарэчы, сродкі, якія былі сабраныя на прэзентацыі кніжкі „Раман Скірмунт”, пайшлі на дабрачынныя мэты – на патрэбы дзіцячага Хоспіса.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя