Уладзімір Арлоў - лаўрэат Прэміі Гедройца 2018


Галоўным лаўрэатам Прэміі Гедройца 2018 стаў Уладзімір Арлоў з кнігай "Танцы над горадам" за аднаўленне містычнай традыцыі ў беларускай прозе ХХІ стагоддзя.

Да фінансавання прызавога фонду сёлета ўпершыню за сем гадоў існавання прэміі далучыліся беларускія фундатары: Адвакацкае бюро “Бараўцоў і Салей”, ПП "Тэрасофт": ТАА “І-Экс-Пі Кэпітал”, Юры Зісер і іншыя. Менавіта дзякуючы ім прызавы фонд прэміі ў гэтым годзе істотна павялічыўся і склаў 18 108,80 BYN.

Другое месца заняў Альгерд Бахарэвіч з кнігай "Сабакі Еўропы" за паспяховае ўкараненне еўрапейскай культурнай традыцыі ў сучасны беларускі літаратурны працэс. Прыз - месяц творчай рэзідэнцыі на выспе Готланд (Швецыя). Фундатар прыза - Саюз беларускіх пісьменнікаў.

Трэцяе месца заняў Вінцэсь Мудроў з кнігай "Забойца анёла" за развіццё смехавой культуры ў сучаснай беларускай літаратуры. Прыз - выданне (наступнай) кнігі. Фундатар прыза - Саюз беларускіх пісьменнікаў.

Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройца заснаваная 28 снежня 2011 года і ўручаецца з 2012 года за найлепшую кнігу прозы, выдадзеную (у папяровым або электронным варыянтах) на беларускай мове ў жанрах мастацкай і дакументальнай прозы. Суарганізатарамі прэміі з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску.

У журы прэміі сёлета ўвайшлі Валянцін Акудовіч, Ала Брадзіхіна, Ганна Бутырчык, Пятро Васючэнка, Сяргей Кавалёў, Марына Казлоўская, Ціхан Чарнякевіч.

Беларускі ПЭН-цэнтр

Крыніца: Беларускі ПЭН-цэнтр