Праціўнікі будаўніцтва завода: Мы чакаем, што людзей будзе больш

Праціўнікі будаўніцтва завода: Мы чакаем, што людзей будзе больш


Прадстаўнікі ініцыятыўнай групы праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем правялі чарговую прэс-канферэнцыю. Мерапрыемства праходзіла на офісе „Берасцейскай газеты.

Прэс-канферэнцыю мадэравала Таццяна Фесікава, якая распавяла пра апошнія дзеянні ініцыятыўнай групы, у прыватнасці пра ліст „з крыкам аб дапамозе” да вядомых суайчыннікаў:

– Мы звярнуліся да пісьменнікаў, навукоўцаў, артыстаў, дзеячаў культуры і навукі, касманаўта. Усяго 64 чалавекі атрымалі ад нас гэта пасланне праз сацыяльныя сеткі і электронную пошту. Некаторыя з гэтых людзей ужо адгукнуліся і прапанавалі нам сваю дапамогу і ўдзел. Мы чакаем, што будзе гэтых людзей усё больш і больш.

Акрамя таго прадстаўнікі ініцыятыўнай групы агучылі новыя факты датычныя таго, што ў Беларусі завод падобны будучаму Берасцейскаму, ужо працуе. Яны таксама параўналі экспертныя ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе гэтай вытворчасці з будучым заводам ў Берасці. Каментуе Дзям’ян Лепясевіч:

– Мая інфармацыя датычыць завода-аналага. Вялася размова пра тое, што гэта першы такі завод у Рэспубліцы Беларусь, але намеснік міністра Ія Малкіна некалькі разоў давала адказ, што гэта не першы завод. Гэта нас навяло на думку вывучыць гэту тэму падрабязней, што ж гэта за завод, які быў да нашага берасцейскага завода. Аказваецца ён не быў, ён ёсць – гэта пінскі завод па вытворчасці акумулятараў.

Таксама былі агучаны і апошнія навіны адносна вывазу адкідаў з Зялёнага Бору Бярозаўскага раёна, якія звязаныя з акумулятарнай вытворчасцю. Прадстаўнікі ініцыятыўнай групы заклікалі людзей актыўней далучацца з прапановамі дапамогі, бо адкрыццё завода можа адбыцца ўжо праз два месяцы.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя