Беларускі ўрад падрыхтаваў справаздачу аб стане правоў чалавека

Беларускі ўрад падрыхтаваў справаздачу аб стане правоў чалавека


Пра накірункі разьвіцьця сытуацыі вакол правоў чалавека ў Беларусі, гаворыць юрыст Асамблеі НДА Юры Чавусаў.

Урад Беларусі ўпершыню за 20 гадоў стварыў Пэрыядычны даклад аб выкананьні Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Справаздача будзе прадстаўлена перад эмісарамі ААН сёлета ў кастрычніку ў ЖэнэвеУжо цяпер відавочна, што ўрадавы дакумэнт будзе прысьвечаны пазытыўным дасягненьням беларускага рэжыму ў галіне правоў чалавека.

У супрацьвагу гэтаму, праваабаронцы падрыхтавалі й прадставілі ў Варшаве альтэрнатыўны даклад аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Пра накірункі разьвіцьця сытуацыі вакол правоў чалавека ў Беларусі, гаворыць юрыст выканаўчага бюро Асамблеі недзяржаўных дэмакратычных арганізацый Юры Чавусаў.

Юры Чавусаў: Накірункі вельмі парадаксальныя. Беларусь у кастрычніку ў Жэнэве будзе рабіць даклад па сытуацыі выкананьня Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Упершыню за 20 гадоў Беларусь нарэшце падала справаздачу ў Камітэт і гэта знак таго, што дзяржава ідзе на супрацоўніцтва зь міжнароднымі арганізацыямі. Адначасова з гэтым сытуацыя ў краіне не паляпшаецца. То-бок, каапэрацыя ёсьць, а паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека няма. Больш за тое, зараз назіраюцца новыя формы парушэньня правоў чалавека. (…)

Няўрадавыя арганізацыі прадставяць у Жэнэве свой альтэрнатыўны даклад. Сапраўдная сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі будзе данесена Камітэту ААН па правам чалавека.

Польскае радыё: Абедзьве справаздачы ўжо ёсьць у адкрытым доступе. Як моцна ўрадавая справаздача адрозьніваецца да дакумэнта падрыхтаванага праваабаронцамі?

Юры Чавусаў: Дзяржава зацікаўлена ў тым, каб прадстаўляць паступовае паляпшэньне сытуацыі. Натуральна ў сваім дакладзе яны падкрэсьліваюць добрыя бакі сытуацыі. Зьвяртаюць увагу на тое, якая праца вядзецца па барацьбе зь хатнім гвалтам, зь гандлем людзьмі.

Напрыклад тэматыка свабоды слова, апісваецца ў кантэксьце выстаўкі «СМІ ў Беларусі» і таго колькі медыя там было прадстаўлена. Абсалютна не паведамляецца пра перасьлед незалежных СМІ.

Безумоўна роля няўрадавых арганізацый казаць пра сапраўдная парушэньні правоў чалавека. Дзяржаве не атрымаецца выкласьці толькі пазытыўны бок, сапраўднае становішча таксама будзе данесена.

Польскае радыё: Паводле Вас, якую рэакцыю альтэрнатыўны даклад можа выклікаць у кіраўніцтва Беларусі?

Юры Чавусаў: Справа ў тым, што рэакцыя прадстаўнікоў ураду ў Жэнэве–гэта адно, а вось рэакцыя ўлады ў Менску–іншае. (…)

Мы спадзяемся, што вынікі жэнэўскага разгляду стануць асновай для новага Міжведамственнага пляну па выкананьні рэкамэндацый міжнародных арганізацый і ў гэтым пляне будзе менш пустых фармальных абмеркаваньняў, а будуць канкрэтныя заканадаўчыя захады, якія можна будзе вітаць. (…)

Зь юрыстам Асамблеі недзяржаўных дэмакратычных арганізацый Юрыем Чавусавым гутарыў Эдуард Жолуд.

поўную вэрсію гутаркі слухайце ў далучаным зьверху гукавым файле

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё