Невідушчая паэтка выдала зборнік вершаў пра каханне

Невідушчая паэтка выдала зборнік вершаў пра каханне


“Каханне без межаў” – зборнік вершаў пра каханне дапамаглі выдаць невідушчай жанчыне глыбоцкія актывісты. У Сафіі Гуз з Мёршчыны гэта ўжо другі невялікі паэтычны зборнік.

За яго з’яўленне Сафія асабліва ўдзячная Змітру Лупачу. Як прызнаецца жанчына, хоць яна і страціла зрок больш за 10 год таму, але па жыцці застаецца аптымісткай.

Яна складае вершы, захапляецца бісерапляценнем і пляценнем з газетных трубачак. А таксама любіць вудзіць рыбу і ўдзельнічаць у спартакіядах і турыстычных злётах.

Сафія Гуз раіць усім не апускаць рукі, не скардзіцца і не ўваходзіць у дэпрэсію, а жыць на хвалі пазітыву, нягледзячы ні на што.

– Нешта здарылася ў гэтым жыцці, усялякае бывае. Але не трэба кідацца ў нейкія скрайнасці. Божа, як паслухаеш, хто ў пятлю, хто яшчэ куды. Ды я і трыста гадоў гатовая пражыць. А то некаторыя людзі кажуць, нам бы да 60-70 пражыць і дастаткова. Няўжо вам няма чаго рабіць на зямлі? Мне ёсць. Была б мая воля, я б сапраўды горы звярнула б. Проста не ўсё ж залежыць ад мяне. І не ўсё я магу, бо залежыш ад чалавека, і шмат дзе патрэбная дапамога.

Цяпер Сафія Гуз працуе над здзяйсненнем яшчэ адной сваёй мары – навучыцца танцаваць усходнія танцы. У Мёрах яна знайшла жанчыну, якая згадзілася яе навучаць. Яны разам рыхтуюць нумар, каб Сафія змагла яго паказаць на сцэне для гледачоў.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя