Уладзімір Арлоў прэзентаваў у Гародні „Танцы над горадам”

Уладзімір Арлоў прэзентаваў у Гародні „Танцы над горадам”


Гародні ў „Цэнтры гарадскога жыцця” прайшла творчая сустрэча з пісьменнікам, эсэістам, паэтам Уладзімірам Арловым.

Гародня – гэта другі горад, пасля Менска, дзе прайшла прэзентацыя кнігі „Танцы над горадам”, якая займае першы радок у шорт-лісце літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца. „Маэстра слова” не толькі прэзентаваў свае апошнія чатыры кнігі, але і дэкламаваў асобныя творы.

Уладзімір Арлоў таксама падзяліўся з удзельнікамі імпрэзы тым, як ён стварае свае творы.

– Як нарадзілася мая кніжка эсэ “Божая кароўка з Пятай авеню”. Я быў у Злучаных Штатах Амерыкі і якраз на Пятай авеню ў спякотны верасень нью-ёркскі на маю зялёную тэніску, відаць пераблытаўшы яе з газонам, села божая кароўка. Яна запаўзла ў кішэню і не хацела мяне пакідаць. Я спрабаваў яе выпусціць. Яна адмаўлялася ўзлятаць. І я некалькі дзён нью-ёркскіх кідаў ёй туды травінкі. Ну, праўда, пакідаць Амерыку яна не пагадзілася.

Некаторыя маладыя чытачы знаёмыя з Уладзімірам Арловым пераважна як з пісьменнікам гістарычнага жанру.

Ала Петрушкевіч, гарадзенская літаратарка, зняпраўдзіла такое аднабокае меракаванне пра яго творчасць:

– Уладзімір Арлоў, як аўтар гістарычных аповесцей, – гэта нейкае клішэ. Нейкі штамп. Для мяне апошні Уладзімі Арлоў – гэта “Танцы над горадам”. Гэта такая шыкоўная проза. Там столькі лірыкі. Там столькі руху. Гэтага танцавальнага руху. Што, ведаеце, я нават напісала апавяданне “Танцорка”, якое ніколі не будзе надрукаванае, якраз пад уплывам ягонай аповесці. Мы сёння сустракаемся з Уладзімірам Арловым – не толькі паэтам і аўтарам гістарычных твораў.

Творчы вечар Уладзіміра Арлова прайшоў у прысутнасці некалькіх дзясяткаў аматараў беларускага літаратурнага слова.

Мастак Алесь Сураў ад імя ўсіх прысутных падараваў літаратару сваю карціну ў знак памяці пра гэту вычарыну. Завяршылася яна аўтограф-сесіяй для тых, хто прыдбаў апошнія навінкі Уладзіміра Арлова.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя