Суд адмовіў Ізраілевічу ў яго прэтэнзіях да „Новага Часу” і Дзяніса Івашына

Суд адмовіў Ізраілевічу ў яго прэтэнзіях да „Новага Часу” і Дзяніса Івашына


Газета “Новы час” выйграла судовы працэс супраць бізнесоўца Аркадзя Ізраілевіча. Суд Савецкага раёну Менску не задаволіў іск бізнесоўца да газеты “Новы Час” і журналіста Дзяніса Івашына аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі. З Ізраілевіча суд пастанавіў спагнаць судовыя выдаткі на карысць газеты і журналіста.

Прэтэнзіі да газеты з боку бізнесоўца ад пачатку здаваліся беспадстаўнымі і нацягнутымі, кажа галоўная рэдактарка газеты “Новы Час” Аксана Колб:

– Для мяне гэта было ў прынцыпе прадказальна. І я спадзявался, што ў дадзеным выпадку наш суд будзе справядлівы і будзе справядлівы вырак. Але хачу зараз зазначыць, што нягледзячы на судовае рашэнне, я дасюль гатовая прадаставіць Ізраілевічу магчымасць, каб ён выказаў сваю пазіцыю, выклаў свае дакументы, і хай людзі пачытаюць і зробяць свае высновы.

Шкада, што чалавек не зразумеў, што для ягонай рэпутацыі гэты працэс горшы, чым для нашай. Але ў яго яшчэ ёсць час сваю рэпутацыю хоць нейкім чынам абяліць.

Цягам усяго гэтага часу я думала пра тое, каб падаць заяву ў міліцыю на спадара Ізраілевіча за тое, што ён абвінаваціў “Новы Час”, а значыць і мяне, як галоўнага рэдактара, у антысемітызме. Але, па шчырасці, я не буду гэтага рабіць. Бо, па-першае, не хачу ізноў уздымаць гэтую тэму. Гэтая тэма небяспечная і балючая і для беларускага, і для габрэйскага народаў. А па-другое, я не ведаю, па чыёй замове і навошта наогул гэтая тэма ўздымалася.

Дзяніс Івашын, Гародня:

Калі шчыра, то для мяне быў нечаканы вырак суда. Бо ў мяне няма ілюзій адносна судовай сістэмы Беларусі. І ўлічваючы ўсе рэпрэсіўныя прысуды нашым абаронцам у гэты момант. За акрэсцінскімі кратамі сядзяць і Павал Севярынец, і Максім Вінярскі. Сёння мы сустракалі Дзяніса Урбановіча, якога незаконна пакінулі да панядзелка. Я лічыў, што будзе рэпрэсіўны прысуд, асабліва на фоне “справы БелТА”. Але сёння мы пабачылі ўласнавоч, што цуды ўсё ж здараюцца. І гэта хоць невялічкая, але ўсё ж перамога. Цалкам магчыма яе не было б, каб не падтрымка нашай грамадзянскай супольнасці. І дзякуй вам вялікі за гэта! Гэта вельмі натхняе і матывуе на далейшую дзейнасць.

РР: Што Вы збіраецеся рабіць надалей?

Дзяніс Івашын: Будзем працягваць. Нашая галоўная задача – абараніць Курапаты. І вакол Курапатаў зараз мусяць кансалідавацца ўсе патрыятычна скіраваныя людзі, якія жывуць з Беларуссю ў сэрцы. Я карыстаюся момантам і заклікаю, каб актывісты і неабыякавыя людзі ўставалі на абарону Курапатаў, хто колькі можа – хоць гадзінку, хоць дзве, каб дапамагалі абаронцам Курапатаў. Курапаты зараз – сэрца Беларусі. І мы разумеем, наколькі зараз вакол Беларусі згушчаюцца чорныя хмары. І ад кожнага актывіста залежыць зараз будучыня нашай краіны.

Падставай да судовай справы супраць газеты “Новы Час” і журналіста Дзяніса Івашына стаў цыкл артыкулаў, прысвечаных сітуацыі вакол рэстарану “Поедем поедим”, збудаванага каля месца масавых расстрэлаў у Курапатах. На думку бізнесоўца Аркадзя Ізраілевіча, гэтыя публікацыі нанеслі страту ягонай дзелавой рэпутацыі, якую ён ацэньваў у 20 тысяч даляраў. Але суд ягоныя прэтэнзіі ў выніку прызнаў неабгрунтаванымі.

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя