Міжнародны дзень салідарнасці журналістаў

Міжнародны дзень салідарнасці журналістаў


8 верасня ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень салідарнасці журналістаў. У Беларусі найбольшую патрэбу ў салідарнасці маюць незалежныя журналісты.

Нядаўна ў Беларусі зведалі ціск і журналісты TUT.BY, БелаПАН і Deutsche Welle, гэта датычылася так званай “справы БелТА”. Ва ўмовах аўтарытарнай сістэмы моцная салідарнасць патрэбна ўсёй незалежнай беларускай медыйнай прасторы.

Паводле намесніка старшыні грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Барыса Гарэцкага, арганізацыя на працягу ўсяго свайго існавання вядзе маніторынг парушэння правоў беларускіх журналістаў пры выкананні прафесійнай дзейнасці.

– Мы ўсімі сіламі спрабуем гэтую тэму ўздымаць на сустрэчах міжнароднага ўзроўню, розных двухбаковых сустрэчах, перамовах з уладамі. Але пакуль выглядае так, што прэсінг на журналістаў у гэтай галіне працягваецца і ўзмацняецца.

Сёлета, па звестках грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, улады Беларусі зладзілі рэкордны судовы пераслед журналістаў, якія супрацоўнічаюць з тэлеканалам “Белсат” і “Беларускім Радыё Рацыя”. Беларускіх журналістаў, якім Канстытуцыя гарантуе права на свабодны збор, захаванне і распаўсюд інфармацыі, судзілі больш за 70 разоў за супрацу з замежнымі СМІ і аштрафавалі на агульную суму больш за 60 тысяч беларускіх рублёў.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя