Антыядзерны альбом ад Port Mone

Антыядзерны альбом ад Port Mone


Менскае трыа Port Mone рыхтуе да выдання антыядзерны альбом. Запіс адбыўся мінулым летам на сонечнай электрастанцыі ў Рудашанах і ў ветрапарку ля вёскі Пудоўня.

Такім чынам, музыкі хочуць прадэманстраваць перавагу ўзнаўляльных крыніцаў энергіі над атамам. Працу з гукам цяпер завяршае на студыі ў Харкаве беларускі майстар Андрэй Жукаў.

Распавядае лідар трыа Port Mone Аляксей Варсоба:

– Ён ужо дачакаўся апаратуры – штосьці з Амерыкі, штосьці з Англіі. Гэта нейкія вар’яцкія прыборы за вар’яцкія грошы, без якіх, па яго словах, ён не можа пачаць. Ужо 5 кампазіцый з 9 зведзена, то бок яны готовыя ўжо. Ён увесь час дасылае і мы абмяркоўваем, што трэба дарабіць. Я думаю, яшчэ літаральна тыдзень.

Новая кружэлка Port Mone будзе мець назву «Шэпт» (Whisper). На 27-га ліпеня запланаваная прэзентацыя сінгла, кліпа і сайта, створанага пад гэты праект. Магчыма, што рэліз альбома будзе суправаджацца дакументальна-мастацкім фільмам, знятым падчас гукасесій. Апрача таго, Port Mone плануе запісаць у Кракаве супольную праграму з беластоцкім музыкам Юркам Асеннікам і варшаўскім кампазітарам Міхалам Яцашэкам. Праграма грунтуецца на празаічных «Мініяцюрах» Сакрата Яновіча.

Стас Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя