Скарб у Гародні ацанілі амаль у 20 тысяч даляраў

Скарб у Гародні ацанілі амаль у 20 тысяч даляраў


Канчатковая лічба ацэнкі скарбу, што знойдзены ў цэнтры Гародні амаль 2 месяцы таму, можа быць змененая. Яе вызначаць на адмысловым паседжанні ў аблвыканкаме.

Адным з экспертаў па ацэнцы знойдзенага ў цэнтры Гародні скарбу, акрамя складу экспертнай фондава-закупачнай камісіі, выступіў старшыня нумізматычнага таварыства Віктар Какарэка, які ацэньваў манеты, знойдзеные у гэтым скарбе:

– У першую чаргу, яны з золата. Метал каштоўны. Сусветная цана таксама высокая. І на калекцыйным рынку яны таксама маюць даволі высокі кошт. Але калекцыйны складнік, на жаль, невялікі. Таму што такія манеты сустракаюцца даволі часта.

На думку Віктара Какарэкі, манеты, што былі знойдзеныя ў гарадзенскім скарбе, з’яўляюцца фінансамі з залатога грашовага абарачэння:

– Манеты ўзятыя з залатога абарачэння. У нас яго няма. А ў той час, у тым асяродку разлічваліся за буйныя фінансавыя здзелкі. Таму гэтыя манеты цікавыя з пункту гледжання таго, што яны апісваюць пэўны слой грамадства і фінансавых аперацый, якія яно праводзіла. Але вялікай нумізматычнай каштоўнасці яны не маюць. Таму гаварыць пра тое, што гэта ўнікальная знаходка, не выпадае.

Грашовая сума, у якую будзе ацэнены гарадзенскі скарб, будзе падзелена: палова сумы будзе належыць дзяржаве, астатняе пароўну дзеліцца паміж чалавекам, які знайшоў скарб, і ўласнікам будынка А сам скарб будзе выстаўлены ў сенатарскай зале Новага замка Гародні.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя