Гародня чакае 100 тысяч бязвізавых турыстаў

Гародня чакае 100 тысяч бязвізавых турыстаў


Гародня плануе да канца бягучага году прыняць да 100 тысячы бязвізавых турыстаў. На гэты момант горад над Нёнамам наведаў ужо 20-тысячны турыст. Вядома, што ён прыехаў з Нямеччыны.

Госця сустрэў начальнік упраўлення спорту і турызму абласнога выканкаму Алег Андрэйчык ды ўручыў сімвалічныя падарункі.

“Прыток турыстаў сапраўды адчуваецца, найперш польскіх і літоўскіх”, – сказаў у інтэрв’ю для нашага радыё гарадзенскі публіцыст і праваабаронца, наш сталы аўтар, Уладзімір Хільмановіч:

– Такое ўражанне, нібыта статыстыка гэта пацвярджае, што літоўцаў больш прыязджае. На гэта ёсць свае прычыны, я думаю, што не толькі культурніцкі, але і эканамічны чыннік у гэтым. Нічога няма заганнага, калі людзі хочуць нешта купіць, а не толькі спазнаць культуру.

У той жа час Уладзімір Хільмановіч звяртае ўвагу на тое, што замежнікі прыязджаюць у Беларусь без візы, а вось самі беларусы, каб трапіць у Еўразвяз, надалей маюць атрымліваць дарагія візы:

– Гэта вельмі прыкра і вельмі сумна, што да гэтай пары Еўразвяз не робіць ніякіх захадаў, каб спрасціць уезд беларусам, атрыманне шэнгенскіх візаў ці нацыянальных. Атрымаць іх рэальна, але гэта не танна, асабліва, калі атрымліваць візы для сям’і. Я гэта па досведу ведаю, што не заўсёды проста зрабіць візу, асабліва шматразовую. Плаціць за аднаразовыя таксама далёка не кожны беларус здолее.

Паводле афіцыйных звестак, за два гады Гародню наведалі прадстаўнікі 42-х краін. Пераважна гэта грамадзяне Літвы і Польшчы, а таксама Нямеччыны і Латвіі. Яны скарысталіся бязвізавым рэжымам. У той жа час кошт шэнгенскай візы для беларусаў надалей складае 60 еўра.

Поўную гутарку слухайце ў далучаным аўдыёфайле.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя