Памерла Ульяна Захаранка


На 95-м годзе жыцця памерла Ульяна Захаранка — маці бясследна зніклага 7 мая 1999 года Юрыя Захаранкі, былога міністра ўнутраных спраў Беларусі, члена Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

„Чорны дзень календара. Не стала Ульяны Рыгораўны. Яна так і не дачакалася, як рыпнуць масніцы і на парозе з’явіцца яе Юрка. Светлая памяць„, — напісаў у „Фэйсбуку” лідар АГП Анатоль Лябедзька.

Юрый Захаранка ўваходзіў у каманду Аляксандра Лукашэнкі на выбарах першага прэзідэнта Беларусі ў ліпені 1994 года. Пасля выбараў заняў пасаду міністра ўнутраных спраў. У кастрычніку 1995 года Лукашэнка адправіў Захаранку ў адстаўку, а пазней былога міністра панізілі ў званні да палкоўніка міліцыі і звольнілі з МУС нібыта за грубыя фінансавыя парушэнні і хібы ў працы. Неўзабаве пасля гэтага Захаранка перайшоў у апазіцыю.

У лютым 1998 года ён узначаліў камітэт па бяспецы ў складзе ценявога ўрада. Вясной 1999 года актыўна ўдзельнічаў у арганізаванай апазіцыяй кампаніі па выбарах прэзідэнта, уваходзіў у каманду былога прэм’ер-міністра Міхаіла Чыгіра.

Вечарам 7 мая 1999 года Захаранка знік па дарозе дадому ў раёне сталічнай вуліцы Магілёўскай. Справа па факце яго забойства была распачатая 17 верасня 1999 года (на наступны дзень пасля знікнення палітыка Віктара Ганчара і бізнесмена Анатоля Красоўскага) на падставе артыкула 101 КК (наўмыснае забойства), але не завершаная да гэтага часу.

У 2016 годзе ні суд Кастрычніцкага раёна Менска, ні Менгарсуд не сталі разглядаць справу аб прызнанні Захаранкі памерлым, матывуючы гэта няскончаным расследаваннем крымінальнай справы па факце яго забойства. Вясной 2017 года Камітэт ААН па правах чалавека прыняў рашэнне абавязаць беларускія ўлады давесці да канца расследаванне справы Захаранкі.

Скаргу на парушэнні Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах падчас расследавання справы ў 2014 годзе падалі Ульяна Захаранка і дачка экс-міністра Алена. Гаворка ішла, у прыватнасці, аб парушэннях арт. 6 (права на жыццё), арт. 7 (забарона катаванняў і жорсткага бесчалавечнага абыходжання), арт. 9 (права на свабоду асабістай недатыкальнасці), арт. 10 (жорсткае абыходжанне ў месцах несвабоды), арт. 26 (роўная ахова законам) паводле палітычных матываў.

Скаргу зарэгістравалі ў 2015 годзе і разгледзелі ў паскораным парадку з улікам сталага ўзросту маці. Праз 19 гадоў пасля знікнення Захаранкі „не відаць перспектыў” расследавання адпаведнай крымінальнай справы, заявіў БелаПАН 7 мая гэтага года праваабаронца Алег Воўчак, які выкладае інтарэсы сям’і палітыка.

Паводле яго слоў, Следчы камітэт чарговым разам працягнуў расследаванне справы — да чэрвеня 2018 года. „Змен ніякіх не адбываецца. У поўным няведанні адносна расследавання застаюцца сваякі зніклага. Пакуль мы не бачым перспектыў. Пры гэтым за апошнія два гады было шмат зваротаў да ўладаў Беларусі, у тым ліку з боку ЕС і ЗША, каб расследаванне было даведзенае да лагічнага канца . Але ніякай рэакцыі ў адказ няма”, — паведаміў Волчак.

БелаПАН

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя