Вядоўцу «Белсата» Паўла Мажэйку аштравалі за стрым з Дня Волі


Суд Ленінскага раёну Горадні пакараў «белсатаўца» Паўла Мажэйку штрафам у 35 базавых велічыняў (857 рублёў).

Павел Мажэйка – вядомы гарадзенскі журналіст, на «Белсаце» вядзе гістарычную праграму «Intermarium». 25 сакавіка Мажэйка працаваў у жывым эфіры нашага каналу, рабіў уключэнне са святкавання стагоддзя БНР у Горадні. За працу без акрэдытацыі на яго склалі пратакол па ч.2 арт. 22.9 КоАП, а суддзя Дзмітры Бубенчык прыняў рашэнне аштрафаваць журналіста.

«Ясна адно: задача ўладаў – прыдушыць незалежных журналістаў у Горадні, націснуць на іх. Суды ствараюць выгляд кіпучай працы – у тэчцы з матэрыяламі справы нават фігуруе мой выезд за мяжу ў 2012 годзе… А насамрэч усё залежыць ад загаду зверху, які атрымлівае суддзя. Але нічога, мы трываем», – каментуе Мажэйка.

На думку нашага калегі, справы супраць журналістаў «Белсату» – гэта палітычныя рэпрэсіі, але «да гэтага трэба быць гатовымі», кажа Павел. Абскарджваць пастанову суду ён не плануе, бо гэта «марнаванне сілаў і часу»

Летась Паўла Мажэйку таксама судзілі за стрым з Дня Волі, але тады суд даў яму толькі 23 базавых штрафу.

Па гэтым жа артыкуле – 22.9 – толькі ў траўні 2018 году беларускія ўлады паспелі асудзіць журналістаў «Белсату» 9 разоў. Усяго ж за бягучы год, паводле дадзеных Беларускай асацыяцыі журналістаў, пад адміністратыўны пераслед «белсатаўцы» траплялі 38 разоў, а агульная сума штрафаў склала 31 997 рублёў.

КА, belsat.eu

Крыніца: Белсат