Вольскі ўпершыню выступіў у Гародні пасля 10-гадовага перапынку

Вольскі ўпершыню выступіў у Гародні пасля 10-гадовага перапынку


Упершыню за апошнія 10 год Лявон Вольскі выступіў у Гародні з гуртом VOLSKI.

Музыкі выйшлі на сцэну з паўгадзінным спазненнем, аднак сам канцэрт цягнуўся без перапынку амаль дзве гадзіны. Гучалі песні з першых альбомаў NRM, а таксама апошнія – з альбомаў “Грамадазнаўства” і “Псіхасаматыка”.

Пасля канцэрту музыка падзяліўся сваімі ўражаннямі ад выступу ў клубе “Галактыка”:

– Нам вельмі спадабаўся канцэрт, бо людзей было досыць шмат, публіка жвава адгукалася на ўсе нашыя пасылы, на ўсе нашыя адозвы да яе. Гародня наогул – гэта наш рэгіён. Шмат людзей з Гародні заўсёды грала ў розных складах. Класны горад.

Сваім меркаваннем падзяліліся і слухачы:

–Так, Лявон Артуравіч – гэта рок-н-рольны бацька.

– Канцэрт вельмі спадабаўся. Вельмі гучна, вельмі прыемна і вельмі пазітыўна.

– Я чуў Вольскага шмат разоў у Менску падчас пратэстных акцый. Гэта было добра, гэта было вельмі файна.

– Многа людзей, вельмі многа добрых эмоцый. Такога ў Гародні даўно не было.

Адзінай непрыемнай акалічнасцю на канцэрце была непрафесійная праца аховы. Ахоўнікі вырывалі з рук бел-чырвона-белыя сцягі і перашкаджалі працы журналістаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Source: Беларускае Радыё Рацыя