"Беларуская вёска" ў беластоцкім музэі пад адкрытым небам

"Беларуская вёска" ў беластоцкім музэі пад адкрытым небам


Падляскі музэй народнай культуры прадставіць прыклады беларускай традыцыйнай архітэктуры.

Амаль паўмільёна злотых атрымае Падляскі музэй народнай культуры на стварэньне сэктара, дзе будуць прадстаўленыя традыцыйныя драўляныя будынкі зь беларускіх вёсак з ваколіц Бельска Падляскага й Гайнаўкі.

«Беларуская вёска» ў беластоцкім скансэне – гэта старая ідэя, якую мы ўжо пакрысе рэалізуем" - адзначае ў размове са Зьмітром Косьціным дырэктар Падляскага музэя народнай культуры Артур Гавэл.

А. Гавэл: Праект прадугледжвае пабудову ў Падляскім музэі народнай культуры сэктара ўсходнепадляскага будаўніцтва, гэта значыць “беларускай вёскі”. Сэктар будзе складацца з трох-чатырох панадворкаў. Разам там будуць, акрамя жылых дамоў, і гаспадарчыя пабудовы, такія як гумны, сьвіраны, будынкі для інвэнтару. Агулам будзе каля 12-14 будынкаў. На гэты момант мы ўжо маем першы разьмешчаны аб’ект – гумно зь вёскі Рудуты ў Арлянскай гміне, вельмі цікавае, датаванае паловай ХІХ стагодзьдзя, з чатырохспадным дахам крытым саломай, зь цікавым надпісам, які быў выразаны падчас асьвячэньня гэтага гумна. Акрамя гэтага гумна мы купілі два жылыя дамы ў вёсцы Чыжы. Першы дом пабудаваны ў ХІХ стагодзьдзі й датаваны 1887 годам. Там ёсьць надпіс, таму можна дакладна вызначыць, у якім годзе гэты будынак паставілі.

Другі жылы дом датуецца канцом саракавых гадоў ХХ стагодзьдзя, больш позьнім пэрыядам. І гэтыя два аб’екты мы плянуем сёлета разабраць ды перавезьці ў скансэн. Прынамсі адзін зь іх мы хочам усталяваць у музэі яшчэ сёлета. Спэцыяльна для гэтага сэктара мы ў будучыні будзем набываць чарговыя будынкі, пра якія я згадаў раней. Я думаю, што цалкам усе гэтыя будынкі, усе гэтыя тры-чатыры панадворкі зьявяцца цягам пяці-шасьці гадоў. Такім чынам, гэта праца расьцягнутая на даўжэйшы пэрыяд, але мне здаецца, што гэта вельмі важная для нас справа. Хаця й маем у Падляскім ваяводзтве апрача Падляскага музэя народнай культуры іншыя музэі пад адкрытым небам, скансэны ў Цеханоўцы і ў Ломжы, яны ахопліваюць іншыя абшары. Мы адзіны музэй, які ўключае абшар Усходняга Падляшша, і таму я лічу, што гэтыя будынкі павінны тут зьявіцца.

Ці можна сказаць, што архітэктура гэтых будынкаў спэцыфічная, адрозьніваецца ад іншых будынкаў Беласточчыны або агулам падляшша?

А. Гавэл: Так можна сказаць. У нас у скансэне ёсьць аб’ект, які мы называем дробнашляхецкім засьценкам, ён характэрны для Беласточчыны, і там ёсьць аб’екты, якія тыповыя для Захаду ваяводзтва. Яны разьмешчаныя на трох панадворках. Жылыя пабудовы ўжо размешчаныя асобна. На ўсходзе Падляшша – гэта аб'екты так званай “працяглай забудовы”, пад адным дахам злучаныя жылыя й гаспадарчыя памяшканьні, ну, і вёска цягнецца “шнурам”. Я зацеў бы ісьці ў гэты бок, паказаць характэрную забудову вёскі “шнурам” – жылыя дамы шчытом глядзяць у бок вуліцы, якая праходзіць празь вёску, а за імі, вядома, гаспадарчыя будынкі, разьмешчаныя пэрпэндыкулярна да жылых дамоў. Такім чынам, гэтая забудова наглядна адрозьніваецца.

Ці такая архітэктуал існуе яшчэ ў натуральным асяродзьдзі, ці, можа, сучасная архітэктура, у якой шмат плястыку, забівае гэтыя старадаўнія матэрыялы?

А. Гавэл: Калі гаварыць пра паасобныя аб’екты, дык, вядома, можна іх знайсьці. У некаторых мясцовасьцях яшчэ можна знайсьці захаваную пляніроўку панадворкаў. Але, калі казаць пра элемэнты, дык яны часта не захаваныя. Напрыклад, у гэтым найстарэйшым будынку зь ХІХ ст., які мы купілі ў Чыжах, былі выкрыстаныя больш сучасныя матэрыялы. Ён першапачаткова быў крыты саломаю, на гэты момант ён пакрыты гонтаю. Мы, вядома, вернемся да саламянай страхі. Як мы ўсе разумеем, саламяная страха – гэта пакрыцьцё, якое сёньня амаль не выкарыстоўваецца. Ну, зразумела, дзесьці там адзінкава можна знайсьці нейкі, часьцей за ўсё, моцна занядбаны будынак, які стаіць і многія гады не рамантуецца. Зусім інакш выглядае справа ў скансэне, дзе будынкі дагледжаныя й ствараюць нейкую цэласнасьць, завершанасьць забудовы. Тады ёсьць цалкам іншае ўспрыманьне, і нам залежыць на тым, каб перадаць спэцыфіку забудовы ў як мага лепшай форме.

Мы хочам, каб усе тыя, хто прыедзе сюды, у скансэн, будуць наведваць музэй, забралі з сабою найлепшыя ўспаміны, што сапраўды гэтая наша падляская вёска была прыгожай, і што нашы продкі жылі ў прыгожых драўляных будынках. Гэта варта падкрэсьліць, бо штораз часьцей у тых вёсках, дзе яшчэ нядаўна былі практычна толькі драўляныя будынкі, зьяўляюцца мураваныя й зьмяняюць дыямэтральна характар забудовы. Такім чынам, паасобныя аб’екты можна яшчэ знайсьці, і мы іх купляем для музэя. А калі вядзецца пра ўвесь комплекс і яго сукупнасьць, складана зазначыць адно месца, дзе можна было б пабачыць забудову ў такім даўнейшым выглядзе, крытую саломай.

Грошы на першы этап прац над «беларускай вёскай» вылучыла Маршалкоўская ўправа Падляскага ваяводзтва.

зк

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё