Святлана Калінкіна не верыць у шчырасць улады ў пытаннях Курапатаў

Святлана Калінкіна не верыць у шчырасць улады ў пытаннях Курапатаў


Наводзіць парадак у Курапатах збіраюцца тыя людзі, якія лічыць сябе нашчадкамі Дзяржынскага і святкуюць яго дзень народзінаў і гарой стаяць за наяўнасць у краіне КДБ.

"Нашчадкі катаў будуць на могілках высаджваць кветкі, і гэта не шчыра», – так публіцыст Святлана Калінкіна каментуе заяву Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што трэба ўпарадкаваць ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам месца, дзе людзі маглі б ушанаваць памяць бязвінна загінулых.


Улады проста павінны дапамагчы ў гэтым выпадку грамадскасці, – лічыць Святлана Калінкіна:

– Яны павінны проста паспрыяць тым грамадскім ініцыятывам, якія існуюць усе гэтыя гады. І проста запытацца грамадскі камітэт, грамадскія арганізацыі: што вы хочаце, каб тут было. Вось, што вы скажаце, тое мы і зробім. На мой погляд, гэта было б правільна і шчыра. А заяўляць, „невесці парадак”, “валтузня”… Валтузня таму і ёсць, што ніхто не пакаяўся за тое, што адбылося ў тыя страшныя гады.

У лясным масіве Курапаты на паўночным ўскрайку Менска былі выяўленыя масавыя пахаваньні людзей, расстраляных НКУС у 1937—1941 гадах. Колькасьць ахвяраў дакладна невядомая і, паводле розных ацэнак, можа складаць паводле даследванняў Зянона Пазняка нават 250 тысячаў чалавек. Як заявіў на мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка, урочышча ў Курапатах павінна быць прыведзена ў парадак як мага больш аператыўна. «Час сканчаць гэтую валтузню на касцях», – дадаў беларускі кіраўнік.

Фота DELFI

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя