Леў Бялевіч: “Ад дзядулі я ў маленстве пачуў пра паўстанне Кастуся Каліноўскага…”


«Галасы стагоддзя» — гэта сьведчаньні людзей, якія жылі ў час нялюдзкіх рэжымаў — фашызму і сталінізму. Галоўная іх віна — яны любілі Беларусь і Свабоду. Герой шостага выпуска — Леў Бялевіч.

Кароткі зьмест: Педвучэльня. Саюз Беларускіх Патрыётаў — Праграма. Правакацыі  —  Алег Стахоўскі — Арышты. Допыты. Суд — Працы ў Менску. Этап у Інту. — Лягеры. Хваробы. Вызваленьне

Леў Ніканавіч Бялевіч (1926; в. Багуцкія, цяпер Мёрскі раён, Віцебская вобласьць, Беларусь — 2015; Санкт-Пецярбург, Расея) — сябра Глыбоцкай групы моладзевай падпольнай арганізацыі Саюз Беларускіх Патрыётаў (СБП) з восені 1945 году. Вязень ГУЛАГу з 1947 па 1955 год. Нарадзіўся ў беларускай сялянскай сям’і, якая жыла зь дзедам. Меў 3 сясьцёр: Вера, Ніна, Надзея. Дзед навучаў Дабравесьцю і беларускім вершам. У дзяцінстве Льва выхоўвалі ў беларушчыне. Бялевіч добра ведаў гісторыю Беларусі, даўнія карані беларускай дзяржаўнасьці.

У польскамоўнай пачатковай школе ў в. Разьдзёрка, якую скончыў у чэрвені 1938 г., настаўніца забараняла размаўляць на беларускай мове. У верасьні 1938 г. паступіў ў в. Глушкі, якая знаходзілася за 15 км ад роднай в. Багуцкія, ў 7-гадовую польскамоўную школу, дзе скончыў 5-ю клясу. 17 верасьня 1939 г. у в. Лужкі суправаджаў адыход Польскага войска і сустрэў Чырвоную армію пад Лужкамі. 12 лістапада 1939 г. Вярхоўны Савет БССР зацьвердзіў Закон аб ўзьяднаньні Заходняй Беларусі з БССР. У выніку пайшоў паўторна ў 5-ю клясу ў расейскамоўнай школе з часткова беларускамоўным навучаньнем (Расеізацыя). Узімку 1939 г. стаў сьведкам хапуна і высылкі на лесапавал сям’і суседа з 7 дзецьмі, які ажыцьцявілі супрацоўнікі НКУС СССР (Рэпрэсіі ў БССР). Дзядзька Бялевіча быў прызначаны савецкай адміністрацыяй старшынём мясцовага Язьненскага сельсавету, які стварылі 12 кастрычніка 1940 году.

У 6-ю клясу пайшоў пад нямецкай акупацыяй у школу ў вёсцы Язна (Мёрскі раён; Глыбоцкая вобласьць, Генэральная акруга Беларусь). Яе дырэктарам быў дзеяч асьветы Заходняй Беларусі Ігнат Мятла, які быў родным братам беларускага пасла польскага Сойму Пятра Мятлы (1922—1927; Беларускі пасольскі клюб). Усё навучаньне было па-беларуску. Гісторыю вывучалі паводле падручніка «Кароткая гісторыя Беларусі» (Вільня, 1910) Вацлава Ластоўскага.

Узімку 1943 г. савецкія партызаны спалілі Язьненскую школу. Ільву давялося хадзіць пешшу ў в. Чарневічы (цяпер Глыбоцкі раён, Віцебская вобл. Беларусь), што знаходзілася за 7 км. У 1943 г. па заканчэньні Чарневіцкай школы ўдала здаў экзамэны ў Глыбоцкую прагімназію, але з прычыны цяжкага матэрыяльнага становішча вучыцца ня змог. Увосень 1944 г., па прыходзе Чырвонай арміі, паступіў у толькі адчынены Глыбоцкі пэдагагічны тэхнікум (вучэльня). Выкладаньне ў вучэльні было вельмі русіфікаваным, бо выкладаць прывезьлі расейскіх настаўнікаў з Урала. Усе 100 навучэнцаў правалілі ўступную расейскамоўную дыктоўку. Па-беларуску выкладала толькі адна настаўніца: беларускую мову і літаратуру. У студзені 1946 г., на 2-м курсе Глыбоцкага пэдтэхнікума, увайшоў у Саюз беларускіх патрыётаў разам з аднакурсьнікамі для супольнай падрыхтоўкі да беларускамоўнага настаўніцтва. Саюз беларускіх патрыётаў улучыў гурток «За Беларусь» з Пастаўскай пэдвучэльні, пасьля чаго зацьвердзіў Статут і сацыял-дэмакратычную Праграму, якая прадугледжвала незалежнасьць Беларусі, бела-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня».

У часе разгрому СБП органамі МГБ за ўдзел у гэтай моладзевай арганізацыі Леў Бялевіч быў арыштаваны 8 лютага 1947. Разам зь ім арыштавалі Васіля Мядзельца і Антона Фурса. Прычыну хуткай паразы Бялевіч бачыць ва ўласнай неасьцярожнасьці тагачасных маладых патрыётаў і правакатарстве аднаго з удзельнікаў СБП Алега Стахоўскага, які аказаўся супрацоўнікам энкавэдыстаў.

Пасьля суду над СБП у Менску, які адбыўся 16-20 чэрвеня 1947, Бялевіч быў асуджаны паводле арт. 63-I КК БССР на 10 гадоў пазбаўленьня волі.

Да лета 1948-га адбываў тэрмін у лягеры «Краснае ўрочышча» пад Менскам. Працаваў на будаўніцтве Менскага аўтамабільнага заводу. Затым быў накіраваны ў Інцінскія лягеры (Комі АССР). Леў Бялевіч разам з Васілём Супруном, Кастусём Шышэя, Шастаковічам арганізавалі зямляцкі гурток, які зьяўляўся беларускім цэнтрам ў сыстэме лягероў вакол Інты. У сакавіку 1953 г. перахварэў нажаўтуху (хвароба Боткіна). Пазьней падчас апэрацыі яму выдалілі частку страўніка ў выніку прабадной язвавай хваробы. Апэрацыя доўжылася 4 гадзіны без наркозу. Зь лягеру быў вызвалены ў 1955 у выніку т. зв. хрушчоўскай «адлігі». Пасьля вяртаньня ў Беларусь ажаніўся з Марыяй Бабіч, таксама колішнім сябрам СБП. З 1956 году разам з жонкай пераехаў зноў пад Інту, дзе працаваў шахцёрам.

30 кастрычніка 1992 году рэабілітаваны Вярхоўным судом Беларусі. Пазьней жыў у Полацку (Віцебская вобласьць, Беларусь). Памёр у сьнежні 2015 году ў Санкт-Пецярбургу.

«Галасы стагоддзя» — гэта сьведчаньні людзей, якія жылі ў час нялюдзкіх рэжымаў — фашызму і сталінізму. Галоўная іх віна — яны любілі Беларусь і Свабоду.

Сэрыя (цыкаль) відэаінтэрвію «Галасы стагоддзя» — гэта простыя аповеды складаных і трагічных лёсаў удзельнікаў і сьведкаў тых падзеяў. Маленькія фрагмэнты лёсаў вялікіх людзей Беларусі ствараюць мазаіку Краіны, якую Савецкі рэжым хацеў зьнішчыць. Яны перажылі тыя жахлівыя рэжымы і ціха сыходзяць ад нас у лепшы сьвет, але іх галасы будуць гучаць, пакуль жыве Беларусь!

Канал “halasy” «Галасы стагоддзя»

Крыніца: Будзьма беларусамі!