Ці пакаленьне Ігара Марзалюка паўплывае на беларускую палітыку?

Ці пакаленьне Ігара Марзалюка паўплывае на беларускую палітыку?


Праўладны істэблішмэнт абнаўляецца і робіць гэта больш эфэктыўна чым апазыцыйны.

Праўладны істэблішмэнт абнаўляецца і робіць гэта больш эфэктыўна чым апазыцыйны. Гэта зусім іншыя людзі, чым два дзесяцігодзьдзі назад. Яны маюць большае дачыненьне да Беларусі, чым да Савецкага Саюза. Прыкладам такіх людзей зьяўляецца дэпутат Ігар Марзалюк.

«Я перакананы, што Ігар Марзалюк гэта не самотны воўк, а вяршыня айсьберга, хвалі па зьмене генэрацыі ў беларускіх уладных элітах», – гаворыць аналітык Цэнтра Астрагорскага Сяргей Богдан.Скажыце, чаму асоба Ігара Марзалюка выклікае такі інтарэс?

С. Богдан: Перш за ўсё, тут ёсьць момант арыгінальнасьці, што ня часта сустракаецца сярод беларускіх чыноўнікаў і палітыкаў, ва ўрадзе і ў апазыцыі. Пайсьці на мітынг сваіх апанэнтаў і паспрабаваць з імі паразмаўляць здольны ня кожны. Ігар Марзалюк, як і некаторыя іншыя асобы як Кірыл Руды, Уладзімір Макей, даказваюць значныя рэчы. Тое, што ўрадавы эстаблішмэнт абнаўляецца. І абнаўляецца больш эфэктыўна чым апазыцыйны.

З другога боку гэта зусім іншыя людзі, якія былі яшчэ два дзесяцігодзьдзі назад. Гэта людзі, якія маюць значна большае дачыненьне да Беларусі, чым да Савецкага саюза. Увогуле паўстае пытаньне на колькі варта разглядаць савецкую спадчыну, савецкі чыньнік пры аналізе палітычнай сытуацыі ў Беларусі. Пакуль з Лукашэнкам былі людзі кшталту Мясьніковіча, то гэта адна справа. Але калі пачынаюць паяўляцца людзі тыпу Марзалюка, якія ідуць да верхавінаў улады, то там асабліва не заўважаецца Савецкі Саюз.

Ігар Марзалюк трымаецца правых кансэрватыўных поглядаў. Ён падкрэсьлівае, што прыйшоў да іх пасьля сяброўства ў Беларускім народным фронце і Сацыял-дэмакратычнай партыі. Марзалюк хоча пазыцыянаваць сябе ў беларускім палітычным істэблішмэнце як чалавек прамога дзеяньня. Тое, што робіць Марзалюка ўнікальным у гэтай палітычнай гульні – гэта яго гатоўнасьць сустракацца з людзьмі на вуліцы і гаварыць з незалежнымі СМІ – падводзіць вынік Сяргей Богдан.

Поўная размова ў далучаным гукавым файле.

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё