Беларускі дом у Варшаве набірае на курсы польскай мовы

Беларускі дом у Варшаве набірае на курсы польскай мовы


Экспэрымэнт зь першай групай навучэнцаў аказаўся пасьпяховым, са студзеня курсы базавай польскай мовы пашырацца.

Ад сярэдзіны студзеня каля 30 чалавек будуць вывучаць польскую мову на бясплатных курсах, якія адчыніў Беларускі дом у Варшаве. Хто праходзіць на гэтыя курсы? Што ў вывучэньні польскай мовы даецца найскладаней? Як запісацца на заняткі? Гэтыя пытаньні мы задаем арганізатарам курсаў – супрацоўнікам Беларускага дому Ларысе Караленцы і Ўладзімеру Кобецу.

14 студзеня пачнецца другі сэмэстар заняткаў польскай мовы, арганізаваных Беларускім домам у Варшаве. Колькасьць удзельнікаў курсаў расьце. У дадатак да першай групы з 12 чалавек, якая вывучае польскую мову з кастрычніка, заняткі пачне другая група колькасьцю ў 20 чалавек. Запісацца на курсы можна, выслаўшы мэйл на адрас Беларускага дому ў Варшаве (belhouse.consulate@gmail.com), альбо патэлефанаваўшы на нумар, які можна знайсьці на сайце арганізацыі.

Моўныя курсы створаныя для тых, хто прыехаў жыць ці працаваць у Польшчу, але практычна не размаўляе па-польску – тлумачыць старшыня Беларускага дому Ўладзімер Кобец. Такіх людзей даволі шмат – гэта рабочыя й прадпрымальнікі, якія толькі пачынаюць сваё жыцьцё за мяжой. Гэта хатнія гаспадыні, а таксама людзі, якія працуюць разам з такімі ж мігрантамі й таму маюць вельмі мала кантактаў зь мясцовымі жыхарамі. На курсы прыходзяць і асобы старэйшага веку, якім вывучыць замежную мову складаней, чым маладым.

Уладзімер Кобец
: Гэта курсы базавага ўзроўню – для тых, што прыехаў у Польшчу й практычна не валодае польскай мовай. Зразумела, што ўдзельнікі курсаў разумеюць польскую мову. Вялікая частка зь іх мае Карты паляка, проста ім не хапае практыкі. У асноўным гэта маладыя людзі, якія пераехалі ў Польшчу на сталую альбо часовую працу. Некаторыя нават пераехалі сем’ямі. Акрамя беларусаў на курсы ходзяць украінцы.

Заняткі вельмі патрэбныя тым, хто хоча знайсьці сабе лепшую працу і інтэгравацца ў грамадзтва – кажа Ўладзімер Кобец.

Уладзімер Кобец: Мова патрэбная ня толькі для таго, каб набыць у краме прадукты, але й каб знайсьці лепшую працу, разьвіваць стасункі з палякамі. Людзі пачынаюць з нуля, каб хуткімі тэмпамі асвоіць польскую мову.

Самаму малодшаму ўдзельніку заняткаў – 20 гадоў, а самаму старэйшаму – за 60, кажа арганізатарка курсаў Ларыса Караленка. Заняткі праходзяць у выходныя. А вядзе іх прафэсійная настаўніца, якія доўгія гады выкладала польскую мову замежнікам.

Ларыса Караленка: Нашая настаўніца мае вялікі досьвед выкладаньня польскай мовы іншаземцам. Яна мае сваю ўласную мэтодыку, якая спалучае практыку й тэорыю, тлумачыць правілы на жыцьцёвых прыкладах.

Самае галоўнае ў вывучэньні польскай мовы, як і любой замежнай – гэта пераадолець сябе й не саромецца размаўляць.

Ларыса Караленка
: Каб пераадолець моўны бар’ер, людзі павінны пачаць размаўляць. Гэта асноўны момант, таму што можна ўсё разумець, але губляцца ў сытуацыях, калі трэба гаварыць самому. Таксама нашыя студэнты кажуць, то ім патрэбна вывучыць граматыку, каб правільна ўжываць тыя ці іншыя словы й выразы. Таму мы задумваемся над дадатковымі курсамі, дзе акцэнт будзе рабіцца на пісаньне.

Арганізатары курсаў былі прыемна зьдзіўленыя высокімі вынікамі дыктоўкі, якую навучэнцы напісалі пасьля заканчэньня першага сэмэстру. З новага паўгодзьдзя працаваць на курсах пачне яшчэ адна настаўніца, якая раней выкладала польскую мову ў Беларусі.

Заняткі абсалютна бясплатныя – падкрэсьлівае Ўладзімер Кобец. Выкладчыкі вядуць іх на валянцёрскіх пачатках. У будучыні Беларускі дом плянуе набіраць слухачоў на курсы ня толькі базавага, але й сярэдняга ўзроўню.

Заняткі польскай мовы – гэта толькі адна з паслугаў, якую Беларускі дом прадстаўляе суайчыньнікам. У жніўні пачаў сваю працу «Кансулят» (Консульства) – праект па аказаньні дапамогі беларускім грамадзянам, што знаходзяцца ў Польшчы. Кожны, хто апынуўся ў экстранай сытуацыі (напрыклад, патрапіў у дарожнае здарэньне ці мае праблемы з працадаўцам) можа патэлефанаваць на «гарачую лінію» і атрымаць юрыдычную дапамогу.

Падчас прыёмаў, якія адбываюцца тры разы на тыдзень, экспэрты Беларускага дому дапамагаюць з вырашэньнем менш экстраных, але ня менш істотных пытаньняў. Яны тлумачаць, як аформіць від на жыхарства, запісаць дзяцей у дзіцячы садок ці школу, дапамагаюць перакласьці неабходныя дакумэнты альбо дапамагчы ў пошуках працы.

У 2018 годзе Беларускі дом зьбіраецца працягваць сваю культурную дзейнасьць. Першае мерапрыемства адбудзецца ўжо 17 студзеня. Журналіст Зьміцер Кустоўскі прадставіць сваю кнігу «Прытулак», у якой ён сабраў досьвед эмігранцкага жыцьця.

Пра моўныя курсы, культурныя імпрэзы й юрыдычныя кансультацыі, якія праводзіць Беларускі дом у Варшаве, можна шырэй даведацца з сайту belaruskidom.eu альбо з профілю арганізацыі ў Фэйсбуку.

Аляксандар Папко

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё