Перайменаванне вуліцы Тарашкевіча часова прыпынена

Перайменаванне вуліцы Тарашкевіча часова прыпынена


Падляшскі ваявода часова прыпыніў перайменаванне вуліцы Браніслава Тарашкевіча ў Бельску Падляшскім. Да 2-га снежня Інстытут нацыянальнай памяці меў час на абгрунтаванне свайго рашэння пра дэкамунізацыю 16-ці вуліц на тэрыторыі Падляшскага ваяводства.

Паводле прэс-сакратара ваяводы Анны Ідзькоўскай, да гэтага часу няма характарыстыкі асобы Тарашкевіча з ІНП, таму ўправа вымушана часова прыпыніць дэкамунізацыйны працэс:

– Падляшскі ваявода павінен быў выдаць пастанову да другога снежня, аднак гэтую пастанову не выдаў, бо мы не маем характарыстыкі. Гэты тэрмін будзе працягнуты на час, пакуль мы не атрымаем характарыстыку. На сённяшні дзень гэта больш за месяц.

Цяпер Інстытут нацыянальнай памяці мае паўтара месяца, каб даслаць абгрунтаванне рашэння пра дэкамунізацыю вуліцы Тарашкевіча. Вуліца існуе ў Бельску Падляшскім з 90-х гадоў. У горадзе таксама дзейнічае ІІ Агульнаадукацыйны ліцэй з Беларускай мовай навучання імя Браніслава Тарашкевіча.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя


Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя