Беларускія дыпляматы ды іх жонкі прадавалі тавары на кірмашы

Беларускія дыпляматы ды іх жонкі прадавалі тавары на кірмашы


Дыппрадстаўніцтва краіны ўдзельнічала ў Міжнародным дабрачынным кірмашы ў Варшаве.

Як штогод у сьнежні, учора ў цэнтры польскай сталіцы адбыўся Міжнародны дабрачынны кірмаш, які ладзіць Клюб жонак амбасадараў, акрэдытаваных у Польшчы (SHOM). У юбілейным, 10-ым кірмашы прынялі ўдзел прадстаўнікі 51 амбасады, у тым ліку дыпляматычнага прадстаўніцтва Беларусі ў Польшчы.

Мерапрыемства ладзіцца, каб сабраць грошы на дапамогу дабрачынным арганізацыям. А купіць на кірмашы можна самыя разнастайныя рэчы, як прадукты харчаваньня, прывезеныя з розных краін, так і сувэніры, бытавыя прыналежнасьці, падарункі. Як звычайна на двух паверхах гатэлю Marriott нельга было прапхнуцца, столькі наведвальнікаў і пакупнікоў прыйшло на кірмаш. А патранат над мерапрыемствам узяла на сябе жонка прэзыдэнта Польшчы Агата Карнхаўзэр-Дуда. Яна так заахвочвала прыняць удзел у сьвяточным продажу:

А. Карнхаўзэр-Дуда: Гэтае вялікае мерапрыемства ладзіцца з мэтаю сабраць грошы на дапамогу тым, каму падтрымка вельмі патрэбная. Сярод іх – дзеці і моладзь, лёс якіх мне вельмі блізкі. Перад Каляднымі сьвятамі мы ахвотна дзелімся з іншымі. Таму пастарайцеся прыняць удзел у гэтай акцыі, памятайце пра тых, для якога лёс аказаўся менш ласкавы. Давайце дапаможам тым, каго падтрымлівае Клюб жонак амбасадараў, а іх нямала. Гэта амаль 20 устаноў, як дабрачынныя арганізацыі, так і асьветніцкія. З кожным годам удаецца сабраць усё больш сродкаў. Я спадзяюся, што сёлета будзе пабіты чарговы рэкорд.

Каля сталоў зь беларускімі прысмакамі і таварамі я сустрэла дырэктара Культурнага цэнтра Беларусі ў Варшаве Міхаіла Рыбакова. Ён распавёў, што на гэты раз беларуская амбасада вырашыла прапанаваць варшаўскім пакупнікам.

М. Рыбакоў: Памятаючы вялікі мінулагодні попыт на нашы тавары, нам далі больш сталоў, і мы амаль удвая павялічылі тую плошчу, на якой прадаём беларускія тавары. Мы яшчэ дадалі рознага асартымэнту, у гэтым годзе зьявіліся беларускія кнігі, якія карыстаюцца попытам. Мы толькі пачалі раскладваць тавары, а ўжо прыходзілі кліенты і пыталіся, ці можна купляць. Адразу пыталіся пра беларускія каўбасы, малочную прадукцыю, сыры. Набываюць гарэлку, піва. Толькі пасьпяваем выкладваць на сталы. Цікава, што калі раней ніхто ня ведаў пра марскую капусту, якая ў Беларусі зьяўляецца звычайным таварам, то цяпер прыходзяць і пытаюць менавіта пра марскую капусту.

Мы запыталі кліентаў, якія стаялі каля беларускіх сталоў, якія прадукты і тавары яны купляюць. Аказалася, што гэта ўжо пастаянныя наведвальніцы беларускага стэнда. А некаторыя наведваюць кірмаш у сувязі з прафэсійнымі абавязкамі.

Кліентка: Я купіла марскую капусту, якую заўсёды купляю. Толькі ў вас яна ёсьць. Вельмі смачная. Шкада, што мала шкляных вырабаў Нёманскага шклозаводу. Набывала таксама селядзец. Кожны год бываю на гэтым кірмашы, можна было селядзец купіць, але сёлета, на жаль, няма.

Барбара Клюза, Ніжнесілескае агенцтва эканамічнага супрацоўніцтва: Мы стараемся разьвіваць супрацоўніцтва, у тым ліку зь Беларусяй. Беларускія сталы вельмі багатыя, цікавыя. Як Беларусь, так і іншыя ўдзельнікі стараюцца прадставіць тыя прадукты і тавары, якія кліентаў могуць зацікавіць.

На кірмашы свае стэнды мелі таксама арганізацыі, якія атрымліваюць фінансавую падтрымку з тых сродкаў, якія ўдаецца сабраць за прададзеныя тавары. Агулам гэта 19 розных устаноў, пераважна дабрачынных фундацый. Прадстаўнікі гэтых арганізацый кажуць, што дабрачынны кірмаш Клюбу жонак амбасадараў – гэты вельмі карысная ініцыятыва.

Магда Шыпоўска, фундацыя для дзяцей «Арка», якая дзейнічае ў варшаўскім раёне Прага: Мы тры гады прымаем удзел у кірмашы. Дапамога нам сапраўды вельмі прыдаецца. За гэтыя грошы нам удаецца наладзіць праекты. У мінулым годзе гэта быў праект, зладжаны разам з Цэнтрам для іншаземцаў у варшаўскім раёне Таргувэк. Сёлета мы плянуем прызначыць грошы на працяг гэтага праекту. Мы вельмі ўдзячныя, што Клюб жонак амбасадараў нам дапамагае.

Перад каляднымі сьвятамі адбываецца шмат сьвяточных кірмашоў. Посьпех Міжнароднага дабрачыннага кірмашу пасольстваў у тым, што ён спалучае продаж сьвяточных прадуктаў і тавараў са шляхетнымі мэтамі. І гэта прыцягвае многіх кліентаў – мяркуе Міхаіл Рыбакоў.

М. Рыбакоў: Важна, каб напярэдадні Калядных сьвятаў дапамагчы камусьці. У нас на Беларусі таксама такія мерапрыемствы адбываюцца. Вельмі прыемна, што ў Польшчы Клюб пасольскіх жонак гэта ладзіць. Напярэдадні кірмашу на тэлебачаньні выступалі некалькі арганізатараў, у тым ліку была і жонка нашага пасла, і яна расказвала пра ўдзел. Тое, што мы атрымаем грошы і перададзім іх у дабрачынны фонд, і што людзям будзе добры настрой, яны прыдбаюць тавары на сьвяточны стол, гэта ўсё было вартае таго, каб праводзіць гэтае мерапрыемства.

У мінулым годзе Міжнародны дабрачынны кірмаш прайшоў зь вялікім посьпехам. Удалося сабраць 524 300 злотых на дапамогу дзецям, пажылым людзям, хворым і бяздомным, а таксама сем’ям у цяжкім матэрыяльным становішчы.

нг

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё