У Гудзевічах узгадалі Алеся Белакоза

У Гудзевічах узгадалі Алеся Белакоза


З нагоды гадавіны смерці слаўнага сына Беларусі Алеся Белакоза дэлегацыя гарадзенскіх прадстаўнікоў беларускіх партыяў і рухаў наведала яго магілу. У Гудзевічах Мастоўскага раёна знаходзіцца літаратурна-краязнаўчы музей, які быў створаны стараннямі заслужанага настаўніка.

Пра жыццёвую пазіцыю Алеся Белакоза згадвае сябра Таварыства беларускай мовы, прафесар Алесь Астроўскі:

– Яго вяла па жыцці такая галоўная ідэя, якой ён падпарадкоўваўся. Ёсць справы асабістыя, а ёсць справы агульнанацыянальныя, справы беларускага народа. І ва ўсіх сітуацыях, калі паміж гэтымі справамі ўзнікалі нейкія супярэчнасці, ён заўсёды ахвяраваў асабістым дзеля інтарэсаў беларускага народа. І ён сваім жыццём служыў гэтым інтарэсам. Ён працягвае быць. І, канешне, мы яго за ўсё гэта шануем і памятаем.

Спроба нацыянальных актывістаў ініцыяваць наданне імя Алеся Белакоза музею, які ён стварыў, пакуль не ажыццявілася. Мясцовыя раённыя ўлады, спадзяюцца гарадзенскія наведвальнікі магілы дзеяча, перагледзяць сваё адмоўнае рашэнне. Кажа публіцыст Уладзімір Хільмановіч:

– Я мяркую, што нават гэтым уладам, цяперашнім, неўзабаве павінна было б дайсці, які гэта маштаб і значнасць чалавека ў гісторыі Мастоўшчыны, гэтага краю. Я ўжо не кажу пра ўладу наступную, якая павінна Алеся Белакоза ўшанаваць на нацыянальным роўні належным чынам.

Гарадзенцы, апрача магілы і музея, адведалі сваякоў Алеся Белакоза, якія жывуць у Гудзевічах. А па дарозе ў Гародню, на Алекшыцкiх могілках, пакланіліся магіле яшчэ аднаго шчырага беларуса, лекара Мікалая Марцінчыка, якую знайшлі летась.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара


Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя