«Па коціку буду сумаваць»: прэзентацыя кнігі «Фіндус з’язджае»


23 верасня ў мінскую галерэю «Ў» завіталі дзеткі ды іх бацькі, каб сустрэцца з улюбёнымі героямі -- дзядулем Пэтсанам і кацяняткам Фіндусам. Персанажы, створаныя шведскім пісьменнікам і мастаком Свэнам Нурдквістам, настолькі папулярныя ў маленькіх беларусаў, што ў серыі «Каляровы ровар» у выдавецтве «Кнігазбор» выйшла ўжо шостая па ліку кніга пра іх у перакладзе Надзеі Кандрусевіч. Прэзентаваная казка мае назву «Фіндус з'язджае».

На імпрэзе, арганізаванай ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў", грамадскай культурніцкай кампаніяй "Будзьма беларусамі!" пры ўдзеле Амбасады Каралеўства Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь дзяцей чакалі салодкія пачастункі і draw-зона. Пасля прэзентацыі кожны з гледачоў мог набыць новую і папярэднія кнігі Свэна Нурдквіста ў перакладзе Надзеі Кандрусевіч “не адыходзячы ад касы”.

Артыстычныя чытанні новай гісторыі зладзілі акцёры Ганна Хітрык і Павел Харланчук. Назва новай кнігі Свэна Нурдквіста ў гэты раз адпавядала рэчаіснасці. Акцёрка Ганна Хітрык, якая не адзін год агучвала Фіндуса на імпрэзах, плануе з'ехаць з Беларусі. Ці значыць гэта, што мы застанемся без упадабанага персанажа?

"Па коціку буду сумаваць, безумоўна. Але я не лічу, што выступаю ў гэтай ролі ў апошні раз. Кнігі выходзяць не так часта, і цалкам верагодна, што я буду прыязжаць на прэзентацыі. Бо я ўжо настолькі Фіндус!” -- супакоіла акцёрка.

Ганна Хітрык з калегам Паўлам Харланчуком сёлета запісалі аўдыяказкі -- кнігі Свэна Нурдквіста пра прыгоды дзядулі і кацяняці маленькія прыхільнікі хутка змогуць слухаць разам з бацькамі.

“Кнігі Нурдквіста я чытаю свайму сыну. Асабліва яму падабаюцца ілюстрацыі. Гледзячы толькі на іх, ён лёгка зможа ўзнавіць сюжэт. Я ў дзяцінстве была абсалютным Фіндусам -- гэта такі зборны персанаж гіперактыўных дзяцей. Тады ў мяне былі свае Пэтсаны -- мама і -- асабліва! -- дзядуля. Цяпер да кацяняці падобны мой сын. І я ў адносінах да яго стала трошкі Пэтсанам”, -- распавяла Ганна.

Але яшчэ больш падобным да шведскага дзядулі сябе адчувае Павел Харланчук.

“Я цаню сяброўства, як Пэтсан. Мне падабаецца, што ў кнізе рэалістычна прадстаўлены стасункі паміж персанажамі. У іх бываюць і спрэчкі, і сваркі. Але ж яны заўсёды знаходзяць кампраміс і працягваюць жыць разам. Я таксама не раскідваюся сябрамі, для мяне гэта істотная частка жыцця”, -- падкрэсліў Павел.

Фіндус з’язджае ў новай кнізе Свэна Нурдквіста таму, што любіць скокаць па ложку Пэтсана а чацвёртай гадзіне раніцы. Дзядулю гэта зусім не даспадобы. Павел Харланчук прызнаецца, што на месцы Пэтсана таксама пачаў бы бурчэць, але ж такой хатняй жывёлы, як Фіндус, ніколі не сустракаў.

“Зараз у цешчы ёсць сабачка Марсік, мы з сям’ёй таксама плануем завесці гадаванца. Але ж такога сябра, як Фіндус, у мяне не было, і ніколі, напэўна, не будзе -- гэта ўнікальны персанаж. Былі каты, якія ўсё разбуралі і якія ляжалі ўвесь дзень. А тут усё ў адным, і яшчэ крыху зверху”, -- смяецца акцёр.

Час пакажа, што чакае наперадзе нашых сяброў -- персанажаў Свэна Нурдквіста. Але ж не будзе спойлерам, калі сказаць, што нават ад’езд Фіндуса не змог зруйнаваць іх сяброўства.

Тэкст: Алена Босава, фота: Віка Трэнас, відэа: Анатоль Івашчанка, для lit-bel.org

Крыніца: Саюз беларускіх пісьменнікаў