Менгарвыканкам зарэгістраваў офіс «першага беларускамоўнага ўнівэрсытэту»


Менскія ўлады зарэгістравалі юрыдычны адрас будучага беларускамоўнага ўнівэрсытэту «Альбарутэнія». Офіс разьмяшчаецца ў Партызанскім раёне сталіцы на вуліцы Шчарбакова, 32. Днямі туды пачнуць завозіць мэблю і павесяць адпаведную шыльду.

Функцыі рэктара «Альбарутэніі» выконвае старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў. «Калі ўлада ня хоча ствараць дзяржаўныя ўстановы, трэба ствараць прыватныя», — сходу патлумачыў ён галоўную ідэю адукацыйнага праекту.

Унівэрсытэт «Альбарутэнія»: новы этап адукацыі на роднай мове

— Спадар Трусаў, трэба разумець, што гэта ўсё ж не зусім тое, чым яшчэ з 1990-х заклапочанае грамадзтва, — Нацыянальны дзяржаўны ўнівэрсытэт зь беларускай мовай навучаньня...


— У гэтым выпадку сэнс вельмі просты: калі дзяржава ня бачыць патрэбы ствараць дзяржаўны ўнівэрсытэт зь беларускай мовай навучаньня, мы хочам стварыць прыватны аналяг. Сёньня ў краіне прыватных унівэрсытэтаў каля дзесяці, чаму не стварыць адзінаццаты?

Нейкі час таму пачалі актыўна гэтым займацца, самы першы крок ужо зроблены — мы атрымалі офіс, маем назву. Пакуль гэта структурнае падразьдзяленьне ТБМ «Унівэрсытэт „Альбарутэнія“». Менавіта пад такой назвай атрымалі памяшканьне, і на днях ужо будзем туды заяжджаць. Потым падаём заяву на статут і гэтак далей па сьпісе. Сам статут ужо гатовы, праз пэўны час панясём яго на рэгістрацыю.

— Якім будзе адукацыйны ўхіл? Гуманітарны, тэхнічны, плянуюцца нейкія спэцыялізацыі?

— Арыентацыя на клясычны ўнівэрсытэт. Асноўныя факультэты будуць гуманітарнага кірунку. Таксама ня выключаны факультэт «ІТ-тэхналёгій»: па-першае, сёньня імі займацца вельмі важна, па-другое, ва ўсім сьвеце дастаткова беларускамоўных спэцыялістаў. Ня выключаныя і некаторыя элемэнты мэдычнай скіраванасьці — кшталту псыхалёгіі, псыхатэрапіі і г.д.

Спачатку зьбіраемся працаваць зь невялікай колькасьцю студэнтаў. То бок, як атрымаем дазвол на адукацыйную дзейнасьць, пачнём з магістратуры. На першым этапе трэба падрыхтаваць магістраў, каб у пэрспэктыве яны сталі выкладчыкамі нашага ўнівэрсытэту. Наогул заплянавана шмат стадый, але першы крок, як я ўжо казаў, зроблены: мы маем асобны офіс, там будзе засядаць аргкамітэт, праходзіць пасяджэньні. Карацей кажучы, пачнуць працаваць людзі, будзе ўсталяваная неабходная тэхніка. Як ствараецца любы прыватны ўнівэрсытэт: спачатку юрыдычны адрас, потым статут, ліцэнзія і г.д.

— У якой пэрспэктыве можна весьці гаворку пра першых студэнтаў-магістрантаў?

— Натуральна, пакуль няма зарэгістраванага статуту, няма адпаведнага дазволу, пра ўсё можна казаць толькі з прыцэлам на аглядную будучыню. А калі ўсё гэта будзе зроблена, адразу ж пачнём набіраць студэнтаў магістратуры. Гэта тыя, хто ўжо скончыў бакаляўрыяты ў замежных ці беларускіх унівэрсытэтах. Наша задача відавочная: праз пару гадоў пасьля старту падрыхтаваць беларускамоўных выкладчыкаў новага сьветапогляду — з эўрапейскім поглядам на адукацыю.

Рэктар на грамадзкіх пачатках: стварыць умовы для дзейнасьці

— З улікам, што менавіта вы выконваеце значную частку арганізацыйнай працы, можна дапусьціць, што будзеце і рэктарам гэтай установы?


— Пакуль што я і зьяўляюся гэтым рэктарам — праўда, на грамадзкіх пачатках. Аргкамітэт прапанаваў мне выконваць функцыю рэктара, на маё імя зарэгістраваны новы офіс, менавіта я падпісваў усе дакумэнты. Ну а там жыцьцё пакажа...

— Якую колькасьць студэнтаў можа прыняць унівэрсытэт? Ці будзе адукацыя платнай?

— Пакуль мяркуем прыняць некалькі сотняў магістрантаў — ад 200 да 300 чалавек. А калі праз пару гадоў яны скончаць, то будзем залежаць ад розных абставінаў. Паколькі ўнівэрсытэт прыватны, натуральна, усе студэнты за навучаньне будуць плаціць — як і ва ўсіх падобных установах. І я лічу, што гэта добра: адразу адсейваюцца ўсе халяўшчыкі. Значыць, паступленьне на агульных асновах, але не забывацца пра камэрцыйны складнік. Сыстэма аплаты прыблізна як у Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце — з сыстэмай зьніжак, прэфэрэнцый і г.д.

Дарэчы, магу сказаць, што ў нашым аргкамітэце нямала былых выкладчыкаў ЭГУ — нават з кіраўніцтва ўнівэрсытэту. Гэтыя людзі разышліся з Анатолем Міхайлавым (рэктар ЭГУ. — РС) у нацыянальным пытаньні і мусілі ўстанову пакінуць. Зь імі вельмі лёгка працаваць, таму што яны ведаюць усе нюансы. Ну а мы адпачатку маем досьвед заходняй адукацыі, бо яны цудоўна ведаюць ангельскую, францускую, нямецкія мовы, некаторыя выкладаюць у эўрапейскіх ВНУ. Працаваць зь імі — адно задавальненьне.

— Якая верагоднасьць таго, што ў працэсе легалізацыі не пачнуць узьнікаць «пазаштатныя сытуацыі»?

— Тое, што пачнуць устаўляць палкі, гэта стопрацэнтна. Нават не сумняваюся, што па ходу пачнуць рабіць розныя паскудзтвы. Тым ня менш мы разьлічваем на яшчэ адзін эфэкт: калі запусьцім прыватны ўнівэрсытэт, то і дзяржава на чале зь Ігарам Марзалюком (старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў у адукацыі, культуры і навуцы. — РС) створыць Нацыянальны дзяржаўны ўнівэрсытэт.

Тым больш наша пазыцыя адназначная: трэба выстройваць усю беларускамоўную дзяржаўную сетку — ясьлі, садок, гімназія, ліцэй, унівэрсытэт. На зьезьдзе ТБМ, які адбудзецца 29 кастрычніка ў Менску, плянуем прыняць адмысловую рэзалюцыю з заклікам да спраўных людзей укладаць грошы ў стварэньне прыватных дашкольных, школьных, спэцыяльных і вышэйшых установаў. Гэта дазволена законам.

Яшчэ раз паўтаруся: раз дзяржава катэгарычна супраць усяго беларускага, то мы справімся ў прыватным парадку. А як створым прыватнае, то неўзабаве і дзяржава пабяжыць наперадзе. Так заўжды было...

— Спадар Трусаў, паўстае лягічнае пытаньне: хто плаціць за «банкет»?

— Пакуль спраўляемся сваімі сіламі, бо гаворка толькі пра юрыдычную адрэсу. Арэнда памяшканьня ў будынку ЖРЭА выліваецца дзесьці ў 200 рублёў на месяц. Думаю, сіламі сябраў ТБМ і неабыякавых грамадзянаў такія грошы знойдзем.

Папярэдне дамова заключаная на тры гады — гэта час з запасам для тэхнічнай працы, каб атрымаць дазвол на дзейнасьць установы адукацыі. Вядома, калі ўнівэрсытэт пачне працаваць, выдаткі будуць зусім іншыя. Але ў нас ужо ёсьць унутраныя і міжнародныя спонсары, якія будуць дапамагаць. У іншым выпадку такі фінансаёмісты працэс быў бы неабачлівай авантурай...

Рашэньне аб рэгістрацыі структурнага падразьдзяленьня ТБМ «Унівэрсытэт „Альбарутэнія“» Менскі гарвыканкам прыняў 11 верасьня. Менавіта гэтую дату Анатоль Трусаў і паплечнікі прапануюць лічыць пачаткам першага беларускамоўнага ўнівэрсытэту ў найноўшай гісторыі незалежнай Беларусі.

Крыніца: Радыё Свабода