«Яго цікава маляваць». У Віцебску з’явіўся партрэт Быкава


Намалявалі народнага пісьменніка Беларусі вулічныя мастакі з каманды StreetSkills.

«У яго вельмі класны твар, ён фактурны, характарны, яго цікава маляваць. Гэта цікава як творчая задача плюс ён – нарадзінец Віцебшчыны», – кажа ўдзельнік групы, Глеб Каштанаў.

Новы арт-аб’ект з’явіўся на месцы папярэдняга графіці каманды StreetSkills – выявы амерыканскага рэпера Нэйта Дога, у якой за некалькі гадоў існавання папсаваўся выгляд.
Жыхары Віцебску ўхваляюць зяўленне малюнка і кажуць, што «галоўнае – каб камунальнікі яе не зафарбавалі».

Менавіта гэтак сталася тры гады таму ў Менску, калі каманда мастакоў #YouFeelMySkill намалявала партрэт Васіля Быкава на сцяне трансфарматарнай будкі, але пратрымаўся ён літаральна некалькі дзён, а мастакі атрымалі вялікі штраф. Віцебскага Быкава, як і менскага, не ўзгаднілі з гарадскімі ўладамі.

«Канешне хацелася б зрабіць фасад, вялікі партрэт з выхадам на праспект але цяжка дамаўляцца з нашымі ўладамі, таму вырашылі самастойна», – кажа Каштанаў.

У Віцебску няма ані вуліцы Васіля Быкава, ані помніка народнаму пісьменніку. І пакуль гарадскія ўлады знаходзяць тысячы прычынаў для адмовы, партрэт у двары на Маскоўскім праспекце, 7 далучаецца да іншых выяваў вядомых нарадзінцаў Віцебшчыны і дадае гораду адметнасці.

Маляваць яе яшчэ не скончылі, а да выявы ўжо прыходзяць фатаграфавацца.

Поўны агляд культурніцкіх падзеяў пятніцы – у відэа.

Фота вокладкі – Народныя навіны Віцебска

Крыніца: Белсат