Кніга Іздрыка „Папіроси” выйшла па-беларуску як музычны альбом

Кніга Іздрыка „Папіроси” выйшла па-беларуску як музычны альбом


Кніга Юрыя Іздрыка «Папіроси» у перакладзе на беларускую мову выйшла ў аўдыё і відэа фармаце. Перакладзеная версія атрымала назву «Пятка беларуская».

Гэты альбом – запіс жывой імправізацыі трыа з Менска Buben Naruszewicz Baisan у Музеі Азгура. Пераклад кнігі зрабіў Алесь Baisan Плотка пад рэдакцыяй Макса Шчура і Святланы Курс. Увосень вершы з кнігі маюць з’явіцца на паперы ў гарадскім часопісе “Большой”. Пра новае выданне распыталі паэта і перакладчыка Алеся Плотку.

РР: Чым адметная гэта кніга Юрыя Іздрыка? Чаму вырашыў перакласці менавіта яе?

Алесь Плотка: Адметнасць гэтай кніжкі ў тым, што яна не вельмі вялікая ў параўнанні з іншымі кнігамі Іздрыка. У ёй сабраныя самыя філасофскія вершы без такога лірычнага складніца. Як было сказана ў прадмове – гэта мужчынская лірыка „без саплей”. У кнізе 25 вершаў, як у пачаку папіросаў. У арыгінале яна аздобленая ў як такая маленькая кніжачка – адмыслова як пачак. Праца над кніжкай цягнулася ўсё лета. У траўні я з’ездзіў на Кніжны Арсенал у Кіеў, там я атрымаў арыгінальнае папяровае выданне і фактычна адразу пачаў над ім працу. Месяц ішла праца па перакладзе і яшчэ два месяцы мы працавалі з цудоўнымі рэдактарамі Святланай Курс ды Максам Шчурам. Ім вялікі дзякуй за супрацу, за тое, што было зроблена, за тую канструктыўную вайну.

РР: Чым табе адгукаецца Іздрык? Што значыць для цябе як творцы ды аматара паэзіі яго асоба?

Алесь Плотка: Юрко Іздрык – фігура для мяне знакавая, жывы класік украінскай лтаратуры. Чалавек можа не асабліва медыйны, але маючы вялікі і значны ўплыў на ўкраінскую паэтычную сцэну, так бы мовіць, шэры кардынал. Гэты чалавек крыху можа не на першых ралях, але на маю думку ўтрымлівае ў сабе цэлы свет. Манах манаха бачыць здалёк. Гэты чалавек вельмі пасуе майму светаўспрыняццю і для мяне было вялікім выклікам і цікавасцю зрабіць пераклад гэтай кнігі. Што важна, пераклад быў адобраны самім аўтарам. Пакуль уся камунікацыя між намі адбываецца праз інтэрнет. Спадзюся, у хуткім часе мы пабачымся на львоўскім Кніжным Форуме. Думаю, мы як два гарадскія вар’яты паспеем арганізаваць там і прэзентацыю выдання.

Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Крыніца: Радыё Рацыя